Расійскі шараговец кажа, што Расія перапраўляе войскі праз мяжу (відэа)

Ён засведчыў, што расійскі бок накіроўвае на тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласцей кадравых ваенных спецыялістаў, узбраенні і браніраваную вайсковую тэхніку.

Паводле словаў Балабанава, якія перадае censor.net.ua, ён пакінуў месца службы на знак пратэсту супраць агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны. Расійскі салдат дабраўся ва Украіну ў ліпені з намерам прасіць палітычнага прытулку.

Былы шараговец расійскай арміі распавёў, што яго вайсковая часць была перакінутая ў Растоўскую вобласць да мяжы з Украінай у траўні. Кожны дзень камандзіры пераконвалі вайскоўцаў, што іх рыхтуюць да абароны рускамоўных грамадзян у Украіне.

Часць пастаянна даўкамплектоўвалася прафесійнымі вайскоўцамі з ліку спецназаўцаў ГРУ і выхадцамі з Паўночнага Каўказа, якія нелегальна перапраўляліся на ўсход Украіны. На ўкраінскую тэрыторыю для падтрымкі тэрарыстаў пераходзіла браніраваная вайсковая тэхніка з падрыхтаванымі расійскімі баявымі экіпажамі.

Гэта ўжо не першы выпадак пераходу расійскіх вайскоўцаў на бок Украіны. Днямі жаданне служыць на баку ўкраінскіх войскаў выказаў афіцэр ФСБ Расіі Ілля Багданаў.