Расія і Украіна абвінавацілі адна адну ў парушэнні велікоднага перамір’я

Прэзідэнт Украіны прывёў доказы / DW
Не прайшло і некалькіх гадзін пасля аб’яўлення прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным 30-гадзіннага велікоднага перамір’я ва Украіне, як абодва бакі заявілі пра яго парушэнне.
Паводле слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, нягледзячы на агульнае зніжэнне інтэнсіўнасці баявых дзеянняў, расійскія войскі працягваюць штурмавыя аперацыі, артылерыйскія абстрэлы і атакі дронамі на розных напрамках.
“Велікоднае перамір’е” па-расійску выглядае так:
387 абстрэлаў украінскіх пазіцый;
19 штурмаў украінскіх пазіцый;
290 запускаў дронаў.
Армія Расіі працягвае наступ у Белгародскай і Курскай абласцях, а таксама ў раёне Пакроўска, на Новапаўлаўскім напрамку і ў Запарожскай вобласці.
У сваю чаргу, Міністэрства абароны Расіі паведаміла, што “УСУ пасля абвяшчэння перамір'я 444 разы абстралялі пазіцыі расійскай арміі, здзейснілі 900 удараў БПЛА”.
Па інфармацыі ведамства, “ёсць загінулыя і параненыя сярод мірнага насельніцтва, а таксама пашкоджаны грамадзянскія аб'екты”. Дэталяў Міністэрства абароны не паведаміла.
19 красавіка Уладзімір Пуцін абвясціў пра "велікоднае перамір'е" каля 17:00 па маскоўскім часе, які супадае з украінскім. На той момант у Кіеве была абвешчаная паветраная трывога.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.