Раманчук прагаласаваў за таго ж кандыдата, што і яго суседка
Кандыдат упэўнены, што выбары прызнае і Еўропа, і Расія. Але не губляе аптымізму і прыйдзе на плошчу, хаця думае ўжо пра наступныя — парламенцкія выбары.
Сёння раніцай Яраслаў, як заўжды, падняўся з ложка пад песню Лявона Вольскага “Гэй, наперад!”, якая стаіць у яго на будзільніку:
Яраслаў Раманчук: “Я заўжды падымаюся з правай нагі! У мяне правацэнтрысцкая партыя, і я на правым баку ложка сплю! Таму як падымаюся — адраз направа! Ужо рэфлекс такі адпрацаваны!”
Праўда, у шчаслівыя прыкметы кандыдат не вельмі верыць. Таксама, як і ў нешчаслівыя. Роўна а 12-й ён апусціў бюлетэнь у скрыню на ўчастку №76 Савецкага раёна Мінску. Пры гэтым прысутнічаў і карэспандэнт Еўрарадыё.
Сябры ўчастковай камісіі, відавочна, былі ў добрым настроі. Гэта можна патлумачыць, напрыклад, тым, што 500 чалавек, ці прыкладна 1/3 выбарцаў з участка Яраслава Раманчука прагаласавала датэрмінова.
“Прыходзіла галасаваць моладзь з інтэрнату, вельмі актыўна. Недзе 400 маладых людзей было за гэтыя дні, — распавяла Еўрарадыё старшыня ўчастковай камісіі Наталля Шапавалава. — І людзі сталага веку таксама прыходзілі. Датэрмінова прагаласавала недзе 535 чалавек, а ўсяго ў нас на ўчастку на гэты момант 1540, спісы ўдакладняюцца”.
Раманчук таксама быў у добрым гуморы. Ён прагаласаваў за сябе — “самага вартага кандыдата”. На ўчастку Яраслаў Чэслававіч выпадкова сустрэўся са сваёй суседкай знізу — жанчынай сталага веку, якая таксама не хавала, што галасавала за Раманчука.
— Яраславік, ты змерз! Ну што ж рукі такія халодныя?! І чаму без капелюша?! — папракала кандыдата ў прэзідэнты бабуля.
— Толькі матулі не тэлефануйце, — аджартоўваўся Раманчук.
На ганку ўчастка яго сустракала адразу 6 тэлекамераў. Сярод журналістаў было шмат палякаў, таму першыя словы імправізаванай прэс-канферэнцыі ён сказаў па-польску:
— Колькі галасоў сёння набярэ Раманчук? — пыталіся журналісты.
— Згодна са звесткамі сацыёлагаў, я магу разлічваць на 10-15 адсоткаў. А што датычыцца Цэнтрвыбаркаму... Пачакаем лепш 20:00. Ці, хутчэй, наступнай раніцы... — даваў цмяныя прагнозы кандыдат.
Па словах Раманчука, верагоднасць таго, што Расія і Еўропа прызнаюць гэтыя выбары, роўная 95%. Нягледзячы нават на відавочныя парушэнні. "Realpolitik сёння для іх важнейшы за дэмакратыю", — мяркуе палітык.
“Сёння няма сумневаў, што ёсць фальсіфікацыі выбараў. Але пытанне ў тым, як на гэта адгукнуцца людзі, ці будзе гэта мець наступствы для ўладаў. І ўвогуле як на гэта адрэагуюць ўсе гульцы гэтай шарады. Бо, напрыклад, Масква сёння ідзе на прызнанне выбараў не таму, што яна любіць Лукашэнку, і канфлікт вычарпаны”, — дадаў Раманчук.
Таму ўвечары Яраслаў Раманчук пойдзе на Кастрычніцкую плошчу. Кандыдат кажа, што людзей там мусіць быць шмат — каб улады зразумелі, што трэба зважаць і на тую частку грамадтва, якая знаходзіцца да іх у апазіцыі.
Яраслаў Раманчук: “Наступны этап — гэта парламенцкая кампанія. Паводле маёй інфармацыі, яна пачнецца ўжо ў 2011 годзе. А за гэтую кампанію нашая партыя нарасціла мускулы. І мы шмат зрабілі для таго, каб улады больш не маглі нас ігнараваць”.