Не менш за 10 ваенкаматаў спрабавалі падпаліць у Расіі пасля пачатку вайны
Ваенкамат у горадзе Гукава Растоўскай вобласці / Яндекс.Карты
У Расіі з пачатку ўварвання ва Украіну пачалі падпальваць ваенкаматы. Цяпер вядома аб дзесяці такіх выпадках. Апошнія адбыліся ў Валгаградзе і горадзе Гукава Растоўскай вобласці.
Так сёння ноччу каля дзвюх гадзін ночы ў падсобцы ваеннага камісарыята па Савецкім, Варашылаўскім і Кіраўскім раёнах Валгаграда пачаўся пажар, піша прарасійскае выданне Baza.
Агонь ахапіў 20 квадратных метраў дапаможнага памяшкання. Калі полымя патушылі, крыху пазней, супрацоўнікі паліцыі выявілі ў памяшканні разбітую шкляную бутэльку з кавалкам тканіны — мяркуючы па ўсім, нехта кінуў туды "кактэйль Молатава". Побач з ваенкаматам была таксама знойдзена літровая пластыкавая бутэлька.
13 траўня падобны выпадак адбыўся ў горадзе Гукава Растоўскай вобласці. Там ноччу нехта спрабаваў падпаліць ваенны камісарыят на вуліцы Чырвоная Горка. Злачынца кінуў «кактэйль Молатава» ў сцяну будынка, агонь патушылі супрацоўнікі ваенкамата. Кідальніка пакуль таксама не знайшлі.
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч раней сцвярджаў, што пасля пачатку вайны адбыліся "дзясяткі" выпадкаў падпалаў ваенкаматаў.