Наталля Радзіна выехала за межы краіны

Пра гэта Наталля паведаміла праз charter97.org. У дадзены момант яна знаходзіцца за мяжой у бяспечным месцы.

У хуткім часе Наталля Радзіна сама распавядзе пра падрабязнасці свайго ад'езду.

Нагадаем, адна з абвінавачваных у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня знікла ў чацвер.

Ужо пасля поўначы ў сацыяльных сетках з'явілася інфармацыя, што Радзіна дасць прэс-канферэнцыю ў Лондане ў Hilton Park Line Hotel у 10.00 па лонданскім часе. Пацвердзіць пэўнасць гэтых звестак не ўяўляецца магчымым, паведамляе карэспандэнт "Газеты.Ru".

Позна ўвечары 31 сакавіка на допыт у КДБ былі тэрмінова выкліканы некаторыя журналісты і рэдактары беларускіх незалежных СМІ.

Намеснік галоўнага рэдактара газеты "Народная воля" Марына Коктыш была выклікана на допыт у сувязі са знікненнем Наталлі Радзінай, паведамляе БелаПАН.

Падрабязнасці допыту, які доўжыўся з 21.30 да 22.10, журналістка не паведаміла, паколькі дала падпіску пра невыдаванне таямніцы следства.

З 21.30 да 22.30 у КДБ праходзіў допыт галоўнага рэдактара газеты "Наша ніва" Андрэя Скурко. З яго таксама ўзята падпіска пра невыдаванне таямніцы следства.

Рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна ў 11 гадзін 31 сакавіка павінна была прыбыць з Кобрына ў Мінск для правядзення "следчых дзеянняў" у КДБ.

Маці Радзінай Надзея Максімаўна паведаміла, што ўвечары 30 сакавіка пасадзіла дачку на цягнік. Учора да яе датэлефанавацца не змагла. Наталля таксама не тэлефанавала. Па словах маці, у хату прыходзіў следчы, які цікавіўся, дзе можа знаходзіцца Наталля.

Мабільны тэлефон Радзінай адключаны.

Нагадаем, тыдзень таму былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч атрымаў палітычны прытулак ў Чэхіі пасля таго, як схаваўся з-пад нагляду КДБ.

фота: fightclub.by