Нацбанк не хоча дзяліцца юанямі з беларусамі

Нацбанк захоўвае грошы ў доларах, еўра, а з нядаўняга часу — і кітайскіх юанях. Але набыць юань у беларускіх валютных касах па-ранейшаму немагчыма. Нягледзячы на тое, што з сакавіка з гэтай валютай пачаў працаваць "Беларусбанк". Для таго каб набыць юань, спярша хтосьці мусіць яго прадаць.
Такі адказ атрымала Еўрарадыё ў Пінскім філіяле банку.

Філіял №121, Пінск: “Тут у нас у аперацыйным адзяленні прымаюць, можаце падыйсці. Курс – 270 рублёў... У продажы няма... Калі б вы прынеслі, то былі б і ў продажы”.

У цэнтральным офісе Беларусбанку нам паведамілі, што з кітайскай валютай працуюць філіял № 100 ў Брэсце, Пінскі філіял №121, 802-гі філіял у Баранавічах. І тры мінскія філіялы — 511, 520, 524.

Ні ў адным з гэтых філіялаў юаняй не аказалася. Няма кітайскай валюты і ў Мінскім транзітным банку — адзіным банку апроч “Беларусбанка”, які таксама працуе з юанямі.

“Не, на жаль нічога няма. Мы працуем з абарачэння. Валюта проста такая... Шмат яе не бывае. Перыядычна з’яўляецца 200, 300, можа, 400. Але попыт вялікі, таму, як правіла, яны хутка і прадаюцца”.

За 400 юаняў давялося б заплаціць 108 тысяч беларускіх рублёў. Але зрабіць гэтага пакуль не выпадае. Што варта жалю, бо захоўваць зберажэнні ў юанях – вельмі перспектыўна, кажа эканаміст Леанід Заіка:

“Кітайскі юань – гэта даволі сур’ёзная грашовая адзінка. Гэтая валюта прагрэсуе, яна перспектыўная, надзейная. Беларусі даўно трэба было пачынаць працаваць з юанем. Уклады насельніцтва ў юані – вельмі перспектыўная справа. Гэта надзейная валюта. З пункту погляду надзейнасці долара, еўра і японскай іены, юань знаходзіцца на першых месцах”.

Самая экзатычная валюта, якую можна набыць у Беларусі, – японская іена. З ёй працуе Белзнешэканамбанк. А ў Мінскім транзітным банку апроч такіх распаўсюджаных валют, як расійскі рубель, грыўна, долар, еўра ды іншыя, вы зможаце купіць кіпрскія фунты ды турэцкія ліры. І, тэарытычна, кітайскі юань...