МЗС зрабіў заўвагу ААН за назву Рэспублікі Беларусь
У рускамоўным твітары Арганізацыі Аб'яднаных Нацый нашу краіну назвалі "Белоруссией".
Беларускі МЗС у сваім афіцыйным акаўнце ў твітары зрабіў заўвагу калегам з ААН. Іх папрасілі выкарыстоўваць назву "Рэспубліка Беларусь" у адпаведнасці з нормамі, прынятымі ў арганізацыі. Гэта была рэакцыя на паведамленне, якое з'явілася ў рускамоўным твітары ААН. Там нашу краіну назвалі "Белоруссией".
Як піша партал tut.by, перад публікацыяй паведамлення з твітар-акаўнта ААН пра колькасць грамадзян Украіны, якія аформілі часовае знаходжанне ў нашай краіне, у акаўнце беларускага МЗС з'явіўся наступны запіс: "Паважаныя калегі, пераканаўчая просьба выкарыстоўваць назву Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з прынятымі ў ААН нормамі".
Нагадаем, пытанне назвы Беларусі ў расійскіх СМІ ўзнікалі неаднаразова. 16 снежня Сіманаўскі раённы суд Масквы разгледзіць пазоў грамадзяніна Беларусі Кірыла Лапінскага да шэрагу расійскіх выданняў. Як паведамляла Еўрарадыё, прадпрымальнік спадзяецца атрымаць кампенсацыю за маральныя страты за выкарыстанне імі слова "Белоруссия" замест Беларусь ці Рэспубліка Беларусь (гл. відэа).
Фота — Fotolia