МЗС Украіны абвяргае, што Кіеў прасіў не ўводзіць санкцыі супраць Мінска
МЗС Украіны / 1lurer.am
У МЗС Украіны абвяргаюць звесткі, быццам афіцыйны Кіеў прасіў Еўрасаюз не ўводзіць санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта напісаў у сацсетках прэс-сакратар ведамства Алег Ніколенка.
"Паведамленні некаторых СМІ пра нібыта просьбу Украіны не ўключаць Беларусь у апошнія пакеты санкцый не адпавядаюць рэчаіснасці", — заяўляе ён. Ніколенка нагадвае, што на рэжым Лукашэнкі ўжо ўведзены шэраг санкцый за падтрымку вайны супраць Украіны — на вайсковае камандаванне, Камітэт дзяржбяспекі, банкі ды іншыя ўстановы і асоб.
Прадстаўнік МЗС Украіны піша, што цяпер афіцыйны Кіеў і партнёры працуюць над дзясятым пакетам санкцый. Разам з тым ён дадае, што ў Еўрасаюзе няма кансенсусу.
Як распавядала Еўрарадыё, сёння журналіст Радыё "Свабода" Рыкард Ёзвяк напісаў, што ЕС не ўводзіць санкцыі супраць Беларусі па просьбе Украіны.