Міжнародныя юрысты ўступіліся за беларускіх адвакатаў
Міжнародная арганізацыя Alliance Defense Fund, якая аб'ядноўвае больш за 1700 юрыстаў, патрабуе спыніць рэпрэсіі супраць беларускіх адвакатаў.
Дарадца па прававых пытаннях Alliance Defense Fund Роджар Кішка звярнуўся з лістом у Міністэрства юстыцыі і Рэспубліканскую калегію адвакатаў, у якім патрабуе "спыніць рэпрэсіўныя дзеянні ў адносінах адвакатаў", якія абараняюць абвінавачаных па справе "19 снежня".
Прадстаўнік аўтарытэтнай арганізацыі звяртае ўвагу на недапушчальнасць сітуацыі, калі апазіцыйныя лідары "апынуліся за кратамі, а іх адвакаты сталі ахвярамі пераследвання", паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".