Мінэканомікі: Штогод Беларусь прыцягвае 2 мільярды долараў інвестыцый

6,5 мільярдаў долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове плануюць прыцягнуць у Беларусь у наступным годзе. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта, які вызначае самыя важныя эканамічныя паказчыкі на наступны год. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Голухаў. Голухаў: "Натуральна, гэтыя інвестыцыі не разглядаюцца як інструмент для "латання дзірак" – гэта перш за ўсё інструмент прыцягнення рэсурсаў, якіх не хапае на дадзеным этапе ў Беларусі. Такія інвестыцыі з'яўляюцца крыніцай для забеспячэння навуковых распрацовак, стварэння працоўных месцаў з высокай дададзенай вартасцю".

Чыноўнік таксама паведаміў, што за апошнія некалькі гадоў чыстыя прамыя інвестыцыі штогод у Беларусі складалі прыкладна 2 мільярды долараў.

Іншыя прагнозныя паказчыкі на 2011 год:
ВУП (валавы ўнутраны прадукт) – 109-110 (працэнт роста да 2010 года)
Інвестыцыі ў асноўны капітал – 116-117%
Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове – 6,5 млрд. доллараў
Экспарт тавараў і паслуг – 116%

Намеснік міністра эканомікі паведаміў, што з наступнага году будуць пераходзіць ад колькасных паказчыкаў да якасных.
 
Голухаў:
“Краіна будзе існаваць у некалькі змененым асяроддзі – знешні свет змяніўся, умовы сталі больш жорсткімі і агрэсіўнымі, умовы гульні змяніліся. Беларусі патрэбныя новыя падыходы і механізмы кіравання эканомікай. Сёлетні ўказ істотна адрозніваецца ад указу, які быў прыняты ў 2010 годзе. Мы не прыдумляем чагосьці рэвалюцыйна новага, але знаходзімся ў накірунку сыходу ад колькасных крытэраў развіцця эканомікі”.

Ці не ўпершыню за ўвесь час стратэгія эканамічнага развіцця краіны венесеная на публічнае абмеркаванне, адзначыў Голухаў. Пяцігадовая стратэгія будзе абмяркоўвацца на ўсебеларускім сходзе. А ў холе Міністэрства стаіць шкляная скрыня, куды можна кідаць свае прапановы. Праўда чамусьці яна пустая…

Голухаў
: “У холе вы маглі пабачыць шкляную скрыню, куды накіроўваюцца прапановы ўсіх зацікаўленых. Яна пустая, толькі таму што вельмі аператыўна зымаюцца ўсе пасланні ў адрас міністэрства эканомікі”.