"Месца ў нас там шмат". Трамп абвясціў, што ў Белым доме пройдзе бой UFC

Прэзідэнт ЗША анансаваў на 2026 год экстравагантную падзею ў Белым доме / deadline.com
Дональд Трамп падчас мітынгу ў Айове спытаў сваіх прыхільнікаў: "Ёсць тут тыя, хто глядзіць UFC? Вялікага Дэйна Уайта? Мы збіраемся правесці бой UFC. І гэты бой мы збіраемся правесці — уявіце сабе — на тэрыторыі Белага дома. Месца ў нас там шмат".
Мяркуецца, што гэта будзе вырашальны бой турніру па змешаных адзінаборствах UFC і адбудзецца ён ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 250-годдзю незалежнасці ЗША.
Паводле слоў Трампа, на "бой чэмпіёнаў" збярэцца каля 20–25 тысяч чалавек.

Словы прэзідэнта ЗША пацвердзіў і кіраўнік UFC Дэйн Уайт, з якім у Трампа цесныя сяброўскія адносіны: "Мы правядзём неверагодныя мерапрыемствы — некаторыя прафесійныя, а некаторыя аматарскія".
З пачатку года Трамп наведаў некалькі баёў UFC, уключаючы UFC 316, які адбыўся мінулага месяца ў штаце Нью-Джэрсі. Менавіта там яго і Уайта сфатаграфавалі, калі яны назіралі за паядынкам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.