Трамп гатовы прыняць "пякельныя санкцыі" супраць Расіі — сенатар Грэм

Дональд Трамп / Getty Images
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп гатовы прыняць жорсткія санкцыі супраць Расіі. Пра гэта расказаў сенатар ад Рэспубліканскай партыі Ліндсі Грэм.
"Учора я гуляў з ім у гольф. Ён кажа: "Пара рухацца наперад з вашым законапраектам", — заявіў Грэм у інтэрв'ю ABC News. Сенатар паведаміў, што ініцыятыва пра "пякельныя санкцыі" супраць Расеіі будзе разглядацца пасля невялікіх вакацый 7 ліпеня. Паводле яго, гэтую ініцыятыву падтрымліваюць 84 заканадаўцы з 100 чальцоў сената.
Грэм падзяліўся дэталямі таго, як будуць працаваць новыя санкцыі: "Калі вы купляеце прадукцыю з Расіі і не дапамагаеце Украіне, то на вашы тавары, якія паступаюць у ЗША, распаўсюджваецца 500% пошліна".
Сенатар удакладніў, што пад такія санкцыі могуць трапіць Індыя і Кітай, на якія прыпадае 70% расійскага нафтавага экспарту. На думку Грэма, такія меры прымусяць іх спыніць падтрымку "ваеннай машыны Пуціна".
Сенатар дадаў, што санкцыі не пачнуць дзейнічаць адразу пасля прыняцця законапраекта — канчатковае рашэнне па іх увядзенні будзе прымаць прэзідэнт. Грэм кажа, што Трамп атрымае ў рукі неабходны інструмент, каб "прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў".
У сярэдзіне чэрвеня Трамп казаў, што ўсё яшчэ чакае мірную здзелку па Украіне, таму не ўводзіць новыя санкцыі супраць Расіі. Таксама ён нагадаў, што санкцыі ўздзейнічаюць і на самі ЗША, якім яны каштуюць круглую суму. Перад тым, як паведамляла агенцтва Reuters, Трамп прасіў рэспубліканцаў у Сенаце пачакаць з вынясеннем на галасаванне законапраекта пра "пякельныя санкцыі" супраць Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.