Мапа: месцы ў Мінску, дзе трэба прайсці кіламетр, каб проста перайсці дарогу

Мапа: месцы ў Мінску, дзе трэба прайсці кіламетр, каб проста перайсці дарогу

На скрыжаванні мінскіх вуліц Маякоўскага, Свярдлова і Аранскай кіроўца "Шкоды" збіў мінака, які перабягаў праз дарогу. Здарэнне трапіла на відэарэгістратар. Мужчына спадзяваўся, што аўтамабілям гарыць чырвонае святло, але правы шэраг рухаўся на паварот:

Відэа: Dmitry Bess

На скрыжаванні, якое перабягаў мужчына, ёсць светлафор і два пешаходныя пераходы. Каб перайсці дарогу па правілах, мінаку трэба было скарыстацца адным з іх, але гэта падоўжыла б яго шлях на сто метраў. Да таго ж, давялося б спускацца пад зямлю і падымацца наверх — не ўсім гэта падабаецца, а людзям сталага веку дык і ўвогуле цяжка.

Але цікавае іншае: каб па правілах перайсці гэтае ж скрыжаванне праз вуліцу Свярдлова, трэба прайсці... 650 метраў! Праз два падземныя пераходы і наземны пераход, дачакаўшыся свайго сінгала светлафора:

Мапа: месцы ў Мінску, дзе трэба прайсці кіламетр, каб проста перайсці дарогу
Тут і далей ― скрыншоты з сервісу "Яндекс.Карты".

Ці шмат у Мінску такіх месцаў? Шмат. Толькі ў Мінску мы даволі хутка знайшлі для вас яшчэ дзевяць скрыжаванняў, дзе ўсё “зроблена для людзей”:

Цікавая акалічнасць: у Мінску няма нарматываў наконт таго, наколькі часта мусяць сустракацца пешаходныя пераходы. Ёсць толькі адна лічба з тэхнічнага кодэксу "Вуліцы населеных пунктаў": адлегласць паміж пераходамі на розных узроўнях (то бок, падземнымі і надземнымі) "трэба прыняць не менш за 400 метраў". Не менш!

Падземных пешаходных пераходаў у Мінску робіцца ўсё больш. Пры гэтым час ад часу знікаюць "звычайныя" пераходы. Напрыклад, каб перайсці праспект Незалежнасці побач са станцыяй метро "Акадэмія навук", трэба прайсці літарай "П", і пры гэтым адзін раз нырнуць пад зямлю. 200 метраў. Для некага гэта і не адлегласць увогуле, але пенсіянеру такая дыстанцыя задавальнення не прынясе.

Дарэчы, неўзабаве ў Мінску мусіць з'явіцца яшчэ адзін падземны пераход — праз вуліцу Янкі Купалы, дзе на месцы выставачнага комплексу будзе будавацца гатэль. Беларускія урбаністы бачаць у гэтым пакланенне аўтамабілям і жартуюць, што Мінск — гэта горад маладых і здаровых, іначай па падземных пераходах не пабегаеш. А маскоўскі блогер Ілля Варламаў, калі прыехаў у Мінск, назваў падземныя пераходы першай прыкметай таталітарнага рэжыму.