Манаеў: “TNS Украіна”, магчыма, не пралічыла, як яе могуць тут "упакаваць"

Калі праводзіш экзіт-пол, даводзіцца ўлічыць безліч абставінаў. І найперш — спецыфіку краіны, у якой ён праводзіцца. А спецыялісты з украінскай “TNS Украіна”, якія 19 снежня будуць праводзіць экзіт-пол на прэзідэнцкіх выбарах па замове тэлеканала АНТ, вельмі цьмяна ўяўляюць, з чым ім давядзецца сутыкнуцца ў Беларусі. Прынамсі, такое ўражанне склалася ў вядомага беларускага сацыёлага Алега Манаева:

"Яны не ведаюць дакладна, што тут і як. Чурылаў у сваіх апошніх інтэрв'ю кажа, што здзівіўся і нават быў злёгку шакаваны, калі даведаўся, што ў нашай краіне ёсць датэрміновае галасаванне".

Сапраўды, непрыемнае адкрыццё за месяц да выбараў... На думку Манаева, кіраўнік “TNS Украіна” Мікалай Чурылаў мае рэпутацыю, якая дазваляе спадзявацца на добрасумленнасць. Але беларуская рэчаіснасць, у якой яго камандзе давядзецца рабіць экзіт-пол, можа не дазволіць атрымаць аб'ектыўныя звесткі. Асабліва, калі ўлічыць, што “TNS Украіна” упершыню выходзіць за межы краіны, у якой працуе звычайна:

Алег Манаеў: "Taylor Nelson Sofres — TNS — гэта вялікая сусветная сетка такога ж узроўню, як сетка Гэлапа. Толькі Gallup — №1 на планеце Зямля ў правядзенні апытанняў грамадскай думкі, а TNS мае спецыялізацыю на маркетынгавых даследаваннях.

Але яны, магчыма, не зусім пралічылі, як іх могуць тут "упакаваць". Як ім могуць арганізаваць сам працэс апытання, і, самае галоўнае, што можа адбыцца пры публікацыі вынікаў".


Нескладана здагадацца, што публікацыяй вынікаў экзіт-пола, якія "TNS Украіна" атрымае 19 снежня, будзе займацца тэлеканал АНТ. І тут, як кажуць, магчымыя варыянты.

"Першы варыянт: яны, нягледзячы на "падводныя камяні" і адсутнасць экзіт-полаў падчас датэрміновага галасавання, усё ж атрымліваюць рэальныя лічбы. Хутчэй за ўсё, у такім выпадку яны не будуць апублікаваныя. Для публікі патлумачыць, чаму даследаванне не атрымалася, можна мільёнам спосабаў.

Другі варыянт: гэтыя лічбы карэктуюцца. І тут паўстае пытанне: як Мікалай Чурылаў і чальцы яго каманды будуць на гэта рэагаваць. Скажуць яны "Не!" у Мінску ці па вяртанні ў Кіеў, ці спакойна пакладуць ганарар у кішэню і з'едуць моўчкі",
 — працягвае Алег Манаеў.

Што праўда, ёсць на рэпутацыі “TNS Украіна” плямачка, і звязаная яна якраз з выбарчымі апытаннямі. Пры канцы 2009 года адзін з кандыдатаў у прэзідэнты Украіны Сяргей Цігіпка абвінаваціў гэтую кампанію ў фальсіфікацыі даследаванняў. І нават выйграў судовую справу супраць яе, даказаўшы, што 40% апытаных адказалі інтэрв'юерам не тое, што было занатавана ў іх анкетах. 

Таму, магчымы і такі варыянт: Чурылаў ведае, што тут ды як, але свядома ідзе на гэта з пэўных меркаванняў. На жаль, спраўдзіць гэта можна будзе хіба што ў тым выпадку, калі паралельна з экзіт-полам, які будуць рабіць дзяржаўныя сацыёлагі і "TNS Украіна" (на замову АНТ), пройдзе сур'ёзнае незалежнае апытанне. Але спадзяванняў на гэта застаецца з кожным днём усё менш і менш.

Як распавёў Еўрарадыё Мікалай Чурылаў, два тыдні таму было праведзенае папярэдняе апытанне. Па ўсёй Беларусі ў розных гарадах і нават вёсках апыталі 1500 чалавек. Вынікі яго ужо падведзеныя: 

Лукашэнка мае 55,1%, Саннікаў — 5%, Някляеў — 4,4%, Раманчук — 1,7%, потым ідзе Цярэшчанка, Кастусёў і іншыя кадыдаты, якія набралі меней за палову працэнта.

Супраць усіх пакуль збіраецца галасаваць 7,1%, не збіраюцца галасаваць — 4,3%, адмовіліся адказваць на пытанне — 4,4%, не вызначыліся — 16,9%.

Між тым, па звестках Алега Манаева, Лукашэнка можа разлічваць прыкладна на 60% галасоў выбаршчыкаў. Але астатнія 9 кандыдатаў набяруць не менш за 30%.