Малдова не прызнае аб'яўленых у Беларусі вынікаў "выбараў" прэзідэнта
На "выбарах" у РБ прадказальна аб'явілі пра "перамогу" Аляксандра Лукашэнкі / АР
Малдова не прызнае аб'яўленых у Беларусі вынікаў "выбараў" прэзідэнта. Кішынёў, як кандыдат на ўступленне ў ЕС, далучыўся да пазіцыі Еўрасаюза "па пытаннях правоў чалавека, палітычнага ўдзелу і доступу грамадзян да незалежных СМІ, грамадзянскай апазіцыі, а таксама легітымнасці выбарчых працэсаў у краінах, дзе праходзяць выбары". Пра гэта заявілі ў МЗС Малдовы. Там падкрэслілі, што рашэнне рэжыму Лукашэнкі не запрашаць дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ў краіне "перашкаджае аб'ектыўнай і незалежнай ацэнцы выбарчага працэсу", піша newsmaker.md.
Малдова таксама нагадвае, што "пагадзілася з заявамі аб неабходнасці захавання правоў чалавека ў Беларусі, ініцыяванымі групамі дзяржаў або ЕС". Як і з заявай Венскага механізму аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі.
У заяве адзначаецца, што "кампетэнтныя выбарчыя ўстановы Рэспублікі Малдова не былі запрошаны дэлегаваць назіральнікаў" на "выбары" ў РБ.