Лукашэнка прыбыў у Маскву для ўдзелу ў самітах АДКБ і ЕАЭС

Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Маскву. Ён прыме ўдзел у пасяджэннях Савета калектыўнай бяспекі АДКБ і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Плануецца, што кіраўнікі краін АДКБ — Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана — прымуць сумесную заяву, дзе выкажуць заклапочанасць нарастаннем небяспекі тэрарызму і распаўсюдам экстрэмізму ў Цэнтральнай Азіі, у тым ліку з улікам афганскага фактару.

Як перадае БелаПАН, спачатку пройдзе пасяджэнне савета ў вузкім фармаце (з удзелам толькі кіраўнікоў дзяржаў), потым — у пашыраным складзе. Па выніках саміту плануецца падпісаць 21 дакумент.

Пасля гэтага пройдзе саміт Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета — вышэйшага наднацыянальнага органа Мытнага саюза Расіі, Казахстана і Беларусі. Разам з Арменіяй з 1 студзеня 2015 года яны ствараюць Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС).

Не выключана, што ў рамках саміту будзе абмяркоўвацца сітуацыя на валютным рынку ў краінах-сябрах будучага саюза.

Уладзімір Пуцін правядзе шэраг двухбаковых сустрэч, аднак асобнай сустрэчы з Лукашэнкам не запланавана.

Фота — naviny.by