Лідчанак судзілі за замежную дапамогу. Гэта першы суд па такім артыкуле
За што штрафуюць беларусаў? / pixabay.com
Верагодна, імі зацікавіліся пасля рэйду па сваяках палітвязняў. "Вясна" тады сцвярджала, што гэты артыкул у Беларусі раней не ўжываўся, піша "Гродна Лайф"
26 студзеня ў судзе Лідскага раёна судзілі маці дваіх малалетніх дзяцей у дэкрэце. Суд вырашыў, што яна атрымала "замежную бязвыплатную дапамогу ад экстрэмісцкага фарміравання INeedHelpBY. А менавіта — "таварна-матэрыяльныя каштоўнасці" на агульную суму 18 143,88 рублёў. Іх яна набыла ў інтэрнэт-краме "Еўраопт". Фактычна, іх судзілі за прадукты з крамы.
Гэтую дапамогу жанчына нібыта выкарыстоўвала для кампенсацыі прысуду мужу, якога асудзілі да пазбаўлення волі за пагрозу міліцыянту і абразу прадстаўніка ўлады.
Жанчыну аштрафавалі на 25 базавых велічыняў (1000 рублёў) са спагнаннем ва ўласнасць дзяржавы 18 143 рублёў 88 капеек ($ 5 625). Грошы трэба аплаціць не пазней за адзін месяц.
У той самы дзень у судзе Лідскага раёна судзілі беспрацоўную маці малалетняга. Прычынай сталі тыя ж "матэрыяльна-тэхнічныя каштоўнасці" ад INeedHelpBY на суму 5241,28 рублёў з Еўраопта. Гэта яна нібыта атрымала як кампенсацыю штрафу па арт. 19.11 КаАП. Яе таксама аштрафавалі на 25 базавых велічыняў са спагнаннем 5241,28 рублёў.