"Культура на заўтра". Жбанкоў — пра тое, што робяць у Беларусі сёння

"Патаемная культура" Беларусі / unsplash.com
У 2020 годзе зламалася матрыца, якая абнуліла генералаў беларускай культуры, але дала прастору іншым творцам. Як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё разважае культуролаг Максім Жбанкоў.
— Ломка матрыцы, якую мы ўсе перажылі ў 2020-м і пасля, зрабіла вельмі істотную справу, якую, магчыма, трэба было б зрабіць крыху раней. Яна абнуліла папярэдніх генералаў папярэдняга рок-н-ролу і генерацый. Магчыма, гэта вельмі крыўдна для генералаў і для іх інерцыйнай аўдыторыі, але пачаўся адлік новага часу і адпаведна адлік новых культурніцкіх герояў. Узначаліць культуру немагчыма, як і не магчыма яе забараніць.
Паспрабуйце забараніць спяваць. Паспрабуйце забараніць кахаць. Паспрабуйце забараніць дыхаць, у рэшце рэшт. Нічога не атрымаецца, бо культура існуе проста таму, што людзям хочацца спяваць, кахаць і дыхаць.
Максім Жбанкоў кажа, што ў апошнія гады мы атрымалі шанец на культурніцкую экспансію і пашырылі кола свайго ўплыву. Цяпер беларуская культура не толькі ўнутры краіны, але “і ў Берліне, і ў Варшаве, і ў Празе, і ў Нью-Ёрку — паўсюль, куды дацягваецца беларуская культура”.
— Кожная культурніцкая інавацыя пачынаецца як нейкі нізавы варушняк, — нагадвае эксперт. — Калі хтосьці проста ў нейкім гаражы ўключае гітарку на поўную моц і пачынае граць штосьці няўцямнае, а потым аказваецца, што гэта Лявон Артуравіч Вольскі.
Тое самае і з нейкімі іншымі рэчамі. Заўсёды ўсё пачынаецца з альтэрнатывы, з несістэмных спробаў агучкі прасторы. І вось гэтая несістэмная агучка прасторы нікуды не падзелася нават у нашай сітуацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.