Хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі ў гасцях хабараўскаму "Амуру"

У Хабараўску мясцовы "Амур" 21 кастрычніка прымаў хакеістаў мінскага "Дынама" ў рамках чэмпіянату КХЛ.
Гульня скончылася з лікам 4:2 (1:0, 2:0, 1:2) на карысць гаспадароў.
Нагадаем, што перад гэтым мінскія дынамаўцы атрымалі дзве перамогі запар — у Новасібірску і Новакузнецку. Аднак гульня ў Хабараўску адразу пайшла не на іх карысць. Ужо на 3-й хвіліне першага перыяду Вячаслаў Ушэнін адкрыў лік, скарыстаўшыся памылкай мінчукоў. На пачатку другога перыяду абаронца "Амура" Мікіта Чарапанаў кідком ад сіняй лініі павялічыў разрыў — 2:0. А за 40 секундаў да заканчэння перыяду Том Вандэль забіў гасцям трэцюю шайбу.
У заключным перыядзе "Амур", гуляючы ў большасці, забіў чацвёртую шайбу — яе аўтарам стаў Дзяніс Талпека. Але потым мінчукі перахапілі ініцыятыву. Гуляючы ў большасці, "Дынама" здолела "размачыць" лік — шайбу забіў Аляксандр Мацярухін. А яшчэ праз 11 секундаў Мікіта Камароў скараціў разрыў да двух шайбаў — 2:4.
У актыве мінскага "Дынама" — 31 ачко (розніца шайбаў — 53-53). Каманда займае 10-е месца ў Заходняй канферэнцыі.
Наступную гульню мінчукі правядуць 23 кастрычніка ва Уладзівастоку супраць мясцовага "Адмірала".
Фота: ХК "Дынама-Мінск"