Фотафакт: байцы "Правага сектара" захапілі сцяг батальёна "Усход"
Працягваюцца баі ў Данецкай і Луганскай абласцях.
Каля Данецка ваюе з тэрарыстамі і аддзел, складзены з сябраў "Правага сектара". У адным з захопленых умацаваных пунктаў яны ўзялі сярод трафеяў і сцяг батальёна "Усход", якім камандуе былы афіцэр СБУ Аляксандр Хадакоўскі.
Здымак змясціў у Facebook лідар "Правага сектара" Дзмітро Яраш, які таксама ўдзельнічае ў баях пад Данецкам.
Як інфармуе РІА "Новости", атрады "апалчэнцаў" на чале з Аляксеем Мазгавым сышлі з горада Лісічанск Луганскай вобласці. Такі загад ім аддаў масквіч Ігар Гіркін (Стралкоў, "Стралок"), які называе сябе "міністрам абароны ДНР". У Лісічанску пакінулі толькі невялікі атрад на чале з "Лясуном", які мусіць нейкі час стрымліваць украінскіх сілавікоў. У гэты час баевікі ўмацоўваюцца ў раёне Першамайска, Стаханава і Алчэўска.