Экс-палітзняволеная Тамара Каравай памерла ў 45 гадоў

Тамара Каравай

Тамара Каравай / фота з яе старонкі ВКонтакте

Стала вядома пра смерць экс-палітзняволенай Тамары Каравай. Жыхарцы Лунінца было 45 гадоў. Летась яе вызвалілі па памілаванні.

Жанчыну асудзілі на два гады калоніі, абвінаваціўшы ў "паклёпе на Лукашэнку". Нагодай для суда стала падабайка пад пастом у "Аднакласніках", дзе Лукашэнку называлі дыктатарам.

Пра смерць жанчыны піша "Наша Ніва" са словаў яе знаёмых. Афіцыйная прычына — не вытрымала сэрца. Дакладная дата смерці невядомая, але журналісты пішуць, што "Вконтакте" Тамара апошні раз была анлайн 23 красавіка.

Жанчына не была замужам, але жыла з грамадзянскім мужам і гадавала сваё дзіця. На момант затрымання Тамары Каравай сын быў непаўналетнім, але цяпер яму ўжо 19 гадоў.

Калі жыхарку Лунінца судзілі паводле палітычнага артыкула, суддзя дадаткова прызначыла ёй лячэнне ад алкагалізму. Паводле інфармацыі "Белпола", раней жанчыну неаднаразова прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці за алкаголь.

Тамара Каравай была ў ліку памілаваных  20 жніўня 2024 года. Тады да заканчэння прызначанага тэрміну ёй заставалася тры месяцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.