"Данбас" вядзе бой з баевікамі, палова байцоў параненыя
Раніцай 23 траўня частка батальёна тэрытарыяльнай абароны Узброеных сіл Украіны ў раёне Карлаўкі патрапіла ў засаду баевікоў.
Як паведамляе камандзір падраздзялення Сямён Сяменчанка, асноўная частка байцоў батальёна вырвалася з акружэння. Палова асабістага складу — параненыя, іх вывезлі на армейскі блокпост у Краснаармейску. Каля бальніцы, дзе цяпер аказваюць дапамогу параненым, выстаўленая ахова. Адна з груп байцоў заставалася ў аблозе ў нейкім будынку, да яе немагчыма было прарвацца — стралялі снайперы. Усе яны былі параненыя, але працягвалі бой. Нядаўна тэлефонная сувязь з імі абарвалася.
"Данбас" прасіў дапамогі ва ўкраінскіх сілавых структур бронетэхнікай, але інфармацыі пра тое, што дапамога прыйшла, няма.
Сяменчанка лічыць, што маршрут, па якім рухаліся байцы яго батальёна, стаў вядомы баевікам, таму яны сканцэнтравалі значныя сілы. Ён сцвярджае, што гэта — "падрыхтаваныя чачэнскія атрады". Паводле апошняй інфармацыі, камандаванне "Данбаса" прапанавала батальёну прарасійскіх баевікоў "Усход" абмяняцца палоннымі.
Нагадаем, напярэдадні "Данбас" вызваліў ад сепаратыстаў чарговы раён Данецкай вобласці — Валадарскі. Байцы ўзялі пад ахову адміністрацыйныя будынкі, вывесілі ўкраінскія сцягі, былі зробленыя захады па забеспячэнню правядзення ў раёне выбараў. "Данбас" ужо падумваў пра "паход на Данецк".
Фота — ria.ru