Ці падаражэюць патрыманыя аўтамабілі да 1 ліпеня?

На гэтым тыдні спадзяванні аўтааматараў на тое, што “растаможку” для прыватных асоб пакінуць без зменаў зніклі канчаткова. Прадстаўнікі Мытнага камітэта афіцыйна пацвердзілі падвышэнне пошлін з 1 ліпеня амаль у 4 разы. Па словах выпускаючага рэдактара газеты “Аўтабізнэс” Сяргея Міхайлава, за месяцы да ўвядзення новай пошліны беларусы скупяць усё, што прапануюць гандляры на аўтарынках.

Сяргей Міхайлаў: “Рынак адрэагуе адназначна – усё будзе вымецена. Бо 1 ліпеня, калі ўсё будзе так, як сказана, так званыя аўтамабілі, якія былі ва ўжыванні, у Беларусь больш не паедуць. Хто адкладаў набыццё – будзе зараз шукаць магчымасць, каб укласціся ў гэты перыяд і растаможыць па цяперашняй ільготнай стаўцы”.

Не выключае эксперт і таго, што гандляры паспрабуюць скарыстацца момантам і ўзняць кошты на ўжо завезеныя аўто. Праўда, ад дакладнага прагнозу, на колькі гэтыя кошты могуць нечакана вырасці, Сяргей Міхайлаў адмовіўся. Маўляў, рынак патрыманых аўто ў нас “дзікі” і рабіць такія прагнозы – справа няўдзячная. У той жа час эксперт раіць аўтааматарам не спяшацца з высновамі і прымаць заявы наконт увядзення новых ставак растаможкі як нешта канчатковае.

Сяргей Міхайлаў: “Я б не лічыў гэтую заяву (Мытнага камітэта – Еўрарадыё) апошняй кропкай. Назавём гэта шматкроп’ем. Бо перспектывы Мытнага саюза пакуль яшчэ канчаткова не зразумелыя. Як паказвае практыка мінулых гадоў – змены адбываюцца хутка, раптоўна і ў нечаканы для нас бок”.

Прагназаваць, ці пачнецца на мяжы ажыятаж і ці ўтворацца чэргі з жадаючых увесці патрыманы аўтамабіль да 1 ліпеня, кіраўнік прэс-службы Мытнага камітэта Ігар Пяшко не захацеў. Але нагадаў, што інфармацыя пра змены ў “растаможцы” з 1 ліпеня – ужо даўно не навіна.

Ігар Пяшко: “Гэта не навіна – тое, што ўчора было агучана. Пагадненне было падпісана год таму, было размешчана на сайце Мытнага саюза, на сайце Дзяржаўнага мытнага камітэта. Проста, можа быць, інфармацыя, якая ўчора была агучана, яна больш удакладненая пайшла. Пайшла дэталізацыя тых сум, якія давядзецца плаціць”.

У адпаведнасці з гэтай “дэталізацыяй” растаможка аўтамабіля “ўзростам”, напрыклад, да 3 гадоў з аб’ёмам рухавіка 1400 кубічных сантыметраў павялічыцца больш чым у 5 разоў з 840 да 4320 еўра. А стаўка на аўто з аб’ёмам рухавіка 2 тысячы кубікаў і ўзростам ад 3 да 5 гадоў вырасце з 800 да 5400 еўра.

Ці вырастуць на рынках кошты на ўжо прыгнаныя аўто пасля інфармацыі Мытнага камітэта і ці чакаць, што там будзе ажыятажны попыт, Еўрарадыё запыталася ў аднаго з гандляроў аўтарынка “Ждановічы” Сяргея. Па яго словах, кошты на ўжо прыгнаныя аўто, найхутчэй, расці не будуць – каб не распужаць пакупнікоў. На яго думку, людзі будуць старацца набываць машыны як мага “маладзейшыя”. Прычым, пад замову. Працы, лічыць Сяргей, у перагоншчыкаў будзе ў гэтыя месяцы вышэй галавы.

Сяргей: “Машыны на рынак не пойдуць – свежапрыгнаныя машыны будуць раздавацца пад замову. Яны будуць не рыначнага варыянту, прыблізна так. Людзі будуць пазычаць у сваякоў, будуць браць крэдыты. Людзі будуць браць машыну надоўга, і таму ім будзе патрэбна добрая, свежая машына. У перагоншчыкаў, іпэшнікаў, у гандляроў зараз будзе працы вышэй галавы”.

А вось датычна будучага беларускага аўтарынка пасля 1 ліпеня, то ў Сяргея Міхайлава на гэты конт прагнозы несуцяшальныя – будзем працаваць на Расію і Кітай.

Сяргей Міхайлаў: “Цягам года, а то і двух, калі нічога не будзе змяняцца, што малаверагодна, усё будзе стаяць – продажу не будзе, будзе толькі абмен таго, што раней завезена. Навошта набываць патрыманы аўтамабіль па кошце новага. Будзем паступова пераключацца на нізкабюджэтныя варыянты новых аўтамабіляў замежных марак расійскай зборкі ды ВАЗ. Па коштах, якія дазваляюць іх набыць – 10-15 тысяч максімум. Кітайцы пойдуць у рост”.

А перагоншчык Сяргей кажа, што пасля 1 ліпеня з гэтым бізнэсам давядзецца завязваць.

Сяргей: “Не задумваўся яшчэ, чым будзем займацца. Можа, запчасткамі, можа які-небудзь сэрвіс. Але занятак аўтамабілямі закончыцца”.

Еўрарадыё пацікавілася ў прэс-сакратара Мытнага камітэта колькасцю перагнаных праз мяжу патрыманых аўто ў гэтым годзе. Але такой інфармацыяй ён не валодае.

Фота: myavtozone.ru