Ці будуць беларускія кіроўцы страйкаваць, як іх французскія калегі?

"Белнафтахім" прапаноўвае павысіць кошт бензіну на ўнутраным рынку на 5%, дызпаліва — на 15%. Пра гэта "Інтэрфаксу" паведаміў намеснік міністра эканомікі Беларусі Уладзімір Адашкевіч. Такое рашэнне могуць прыняць ужо на гэтым тыдні. "Белнафтахім" лічыць неабходным павысіць унутраныя кошты на нафтапрадукты, бо павялічыліся кошты нафты на сусветным рынку. У 2007 г. рост цэнаў на нафтапрадукты склаў 19,4%. У іншых краінах, у тым ліку Нямеччыне, Францыі, ЗША, Індыі, Малайзіі, Інданэзіі прайшлі нафтавыя бунты. Французскія рыбакі нават здолелі дамагчыся ад ураду кампенсацыяў затрат на перавозку рыбы. У ЗША павышэнне коштаў на паліва зацямніла нават прэзідэнцкую гонку.

Што збіраюцца рабіць беларусы, каб кошты не раслі?

Генеральны дырэктар беларускай Асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў Аляксандр Солашчаў сказаў, што асацыяцыя не збіраецца лабіяваць паніжэння коштаў на паліва.

Солашчаў: Мы звычайная некамерцыйная грамадская арганізацыя. Мы не маем дачынення да тых пытанняў, якія вы задаяце.

Еўрарадыё: Вашыя французскія калегі напісалі сваім уладам петыцыю, што ім завысокія такія кошты за паліва.

Солашчаў: Дык вы і спытайце ў французскіх калег.

Еўрарадыё: То бок вы ніякай петыцыі пісаць не думаеце?

Солашчаў: Не.

Галоўны рэдактар уплывовага аўтавыдання “Аўтабізнес- Weekly” Сяргей Міхайлаў не здолеў узгадаць, ці ёсць у Беларусі заўважная асацыяцыя аўтамабілістаў. “Апрача нас”, — падкрэсліў ён. І сапраўды, менавіта “Аўтабізнес-Weekly” падняў гісторыю “жывога шчыта” і выклікаў масавыя пратэсты аўтамабілістаў супраць сваволі ДАІ.

Аднак сп. Міхайлаў не бачыць магчымасці пратэстнага змагання за паніжэнне коштаў на бензін:

Сяргей Міхайлаў: "Падаражэнне паліва – аб’ектыўны працэс, які адбываецца ўслед за павышэннем коштаў на нафту. Магчыма, можна было б змагацца, патрабуючы ад дзяржавы паніжэння акцызаў і падаткабкладання на аўтамабільнае паліва. Але, дай Бог, каб у турму хоць не саджалі, а з коштамі на паліва мы справімся".

Гэта галоўны настрой аўтамабілістаў, які пануе на аўтафорумах. Гаворыць адзін з іх:

Мужчына: "Кошты цяпер растуць вельмі заўважна. Даводзіцца ашчаджаць, лічыць, чым выгадней — цягніком ці на сваёй машыне.

Днямі палітолаг Віталь Сіліцкі сказаў Еўрарадыё:

"Чаму сацыяльныя змены, вельмі заўважныя, не вядуць да зменаў палітычных? Ды таму, што гэтыя сацыяльныя змены адцягваюць людзей ад палітыкі. Сітуацыя палітычных зменаў выцякае з сітуацыі канфлікту. Нашы людзі да апошняга імкнуцца пазбегнуць канфлікту з дзяржавай. І дзяржава прадастаўляе ім гэтыя магчымасці пазбягаць канфлікту".

Еўрарадыё пацікавілася ў Мінэканомікі, ці падрастуць услед за палівам кошты на іншыя тавары і паслугі.

Прадстаўніца міністэрства: "Вы дашліце пытанне пісьмова, з акрэдытацыяй вашага СМІ, і мы адкажам. Толькі бензін — гэта не наша. Ёсць палажэнне аб фармаванні коштаў і тарыфаў у Рэспубліцы Беларусь. Гэта дакумент Саўміна".

Наступнае слова за Саўмінам: ці падаражэюць транспарт і прадукты?

Фота — "Новая Эўропа"