Чыноўнікі дагэтуль спрачаюцца, на што і як замяняць ліцэнзіі

Ліцэнзаванне 16 відаў дзейнасці адменяць праз 2 тыдні. Але міністэрствы, якія адказваюць за гэта, ніяк не могуць прыйсці да згоды, якія працэдуры мусяць паўстаць наўзамен.
1 студзеня 2011 года набудзе моц указ №450, які адмяняе ліцэнзаванне 16 відаў дзейнасці, а таксама каля 60 складнікаў 14 іншых відаў дзейнасці — пэўныя працы ці паслугі.

“Органы дзяржкіравання не хочуць адмаўляцца ад ліцэнзавання. Ім гэта і прасцей, і лягчэй. У нас на сённяшні дзень відаў дзейнасці, якія ліцэнзуюцца, 51. Мы адмянілі 16, і ўвялі адну... Зразумейце, што такія дакументы — гэта вялікі кампраміс”, — яшчэ ў верасні тлумачыў на брыфінгу ў Міністэрстве эканомікі намміністра Андрэй Тур.

Як вынік — зацягваецца ўзгадненне працэдур, якія мусяць замяніць ліцэнзаванне. Да новага года засталося 2 тыдні, а якімі сертыфікатамі і акрэдытацыямі будуць замененыя ліцэнзіі, у большасці выпадкаў пакуль невядома.

“Зараз ідзе вельмі актыўны працэс падрыхтоўкі міністэрствамі і ведамствамі, якія раней ліцэнзавалі, нарматыўна-прававых актаў наўзамен, — распавёўАндрэй Туру размове з Еўрарадыё. —Абмяркоўваць тое, што рыхтуецца, пакуль што зарана. У нас [Мінэканомікі. — Заўв. ЕРБ] ёсць шэраг заўваг да таго, што падрыхтавала Міністэрства гандлю. Рашэнне пакуль не прынятае”.
У Мінгандлю Еўрарадыё паведамілі, што, напрыклад, ліцэнзію на рознічны гандаль плануюць адмяніць, не ўводзячы наўзамен ніякіх сертыфікатаў:

“Я ні пра якія сертыфікаты нічога не чула. Калі яны і будуць, дык гэта дзяржстандарт іх уводзіць. Ліцэнзія будзе адмененая, а замест яе будзе дзейнічаць звычайнае заканадаўства, — удакладнілі ва Упраўленні арганізацыі гандлю і паслуг Мінгандлю. — Закон аб мясцовым кіраванні, які вызначае, як адкрываюцца крамы, аб’екты бытавога абслугоўвання, ды і ўвогуле тычыцца ўсёй сацыяльнай сферы. І ўсё!” 

Што ж да прапаноў, па якіх паміж міністэрствамі няма згоды, дык “адны з такіх прапановаў — амаль такія ж, як нашы — падрыхтавалі і ў Міністэрстве эканомікі. Але яны, здаецца, самі не ўцямілі, што падрыхтавалі іх”, — дадалі ў Мінгандлю.

Паводле словаў Андрэя Тура, да 1 студзеня парадак замены ліцэнзавання іншымі працэдурамі “мусіць быць прыняты ў любым выпадку”, а калі не, дык “будуць адказваць тыя органы дзяржкіравання, якія не здолелі гэта зрабіць”.

Іншы “падводны камень” — змест працэдур, якія мусяць замяніць ліцэнзаванне. З нефармальных крыніц Еўрарадыё даведалася, што, каб займацца дзейнасцю, звязанай з прыцягненнем у нашую краіну працаўнікоў з-за мяжы і працаўладкаваннем за мяжой грамадзян Беларусі, з 1 студзеня 2011 года трэба будзе прайсці адміністрацыйную працэдуру, не менш складаную за атрыманне ліцэнзіі! І спецыялісты мяркуюць, што гэта не выключэнне.
“Від дзейнасці, які не ліцэнзуецца і цяпер, — станцыі тэхнічнага абслугоўвання. Яны працуюць па сертыфікаце. Звярніцеся на любую СТА, і вам пакажуць стос папераў, неабходных для атрымання сертыфікату. Па сутнасці, гэта тая самая ліцэнзія. Толькі назва іншая...”
, — скардзіцца бухгалтарка, якая пажадала захаваць сваё імя ў таямніцы.

Як і тры месяцы таму, калі абвяшчалася пра ўказ №450, намміністра эканомікі Андрэй Тур упэўнены ў тым, што адмена ліцэнзавання спросціць жыццё прадпрымальнікаў. Але чым бліжэй да новага года — тым больш на гэты конт пытанняў.

Фота:
 Юрыдычны блог.