Чым займаюцца “групы па садзейнічанні выбарчай кампаніі” ў выканкамах

Як стала вядома Еўрарадыё, амаль пры ўсіх райвыканкамах краіны створаныя так званыя «групы па садзейнічанні выбарчай кампаніі». Яны ёсць нават там, дзе старшыні выканкамаў збіраюцца ісці ў дэпутаты. Месяц таму прэзідэнт папярэдзіў чыноўнікаў, каб у краіне не было ніякіх перадвыбарных штабоў. Аднак, як паведаміў www.belaruspatizan.org, пры Дубровенскім і Старадарожскім райвыканкамах створаныя “групы па садзейнічанні выбарчай кампаніі”. Еўрарадыё вырашыла даведацца, дзе яшчэ есць такія групы, і чым яны займаюцца.

Кіраўніца справамі Старадарожскага райвыканкама Вольга Пархімовіч пацвердзіла Еўрарадыё існаванне “групы падтрымкі выбарчай кампаніі”. Паводле слоў чыноўніка, яна выконвае толькі “бытавыя” функцыі.

Вольга Пархімовіч: “У абавязкі групы ўваходзяць пытанні практычнай дапамогі: прадстаўленне памяшканняў для арганізацыі працы камісіі, забеспячэнне камісіі сродкамі сувязі, рамонтныя работы, неабходныя для таго, каб участкі адпавядалі нормам і мелі эстэтычны выгляд. Забеспячэнне камісіі камп’ютэрнай тэхнікай. З усімі гэтымі пытаннямі старшыня выбарчай камісіі мае права звярнуцца да сябра штаба раённага. І мы ім аказваем садзейнічанне”.

Даволі вобразна патлумачыла чыноўніца выканкама, чаму выбары не могуць прайсці без апекі райвыканкама: яна параўнала выбары з уборкай ураджаю.

Вольга Пархімовіч: “Пытаннямі ўборкі ўраджаю мы зараз займаемся. Да гэтага мы спрычыняемся, ёсць адказныя асобы ад выканкама, ёсць штаб па ўборцы, па аказанні дапамогі гаспадаркам. Штаб ствараецца на перыяд уборкі, нарыхтоўкі кормаў і таксама на перыяд выбараў”.

Кіраўнікі аддзела культуры патрэбныя, каб арганізоўваць канцэрты на выбарчых участках. Кіраўнік электрасувязі адказвае за працу тэлефоннай лініі. Старшыня праўлення РАПА адказны за буфетна-кулінарнае аздабленне выбарчых участкаў. Кіраўнік электрасетак – за бесперабойную пастаўку на ўчасткі электрычнасці.

Чыноўнік пакрыўдзілася на пытанне Еўрарадыё, ці не здаецца ёй, што такія групы можна выкарыстаць як адміністрацыйны рэсурс на карысць праўладных кандыдатаў.

Вольга Пархімовіч: “Асабіста я лічу, што падстаў падазраваць наш штаб у тым, што мы будзем парушаць заканадаўства па нейкіх пытаннях, пакуль няма і не будзе”.

Еўрарадыё патэлефанавала ў прыёмныя больш за 10 райвыканкамаў і паўсюль нам пацвердзілі – такія штабы ёсць! Асаблівую ўвагу Еўрарадыё звярнула на тыя выканкамы, старшыні якіх збіраюцца ў парламент.

Да прыкладу, ёсць такая група ў Пастаўскім выканкаме, старшыня якога Эдуард Казура будзе змагацца за дэпутацкі мандат з беспартыйным пенсіянерам Уладзімірам Бароўкам.
Перадвыбарна-бытавы штаб працуе ў Палескай выбарчай акрузе №43, дзе старшыня Ельскага райвыканкама Сяргей Канопліч супрацьстаіць дэпутату Сяргею Касцяну і прадстаўніку АГП Мікалаю Гаўрылёнку.

У мястэчку Зэльва, старшыня выканкама якога Леанід Эльшаевіч меціць у кандыдаты па Ваўкавыскай выбарчай акрузе №48, такі штаб узначальвае кіраўніца аддзела арганізацыйна-кадравай працы выканкама Ірына Пузач. Паводле слоў чыноўніка, яны толькі дапамагаюць выбарчай камісіі. Ніякай гаворкі пра выкарыстанне штаба ў якасці адміністрацыйнага рэсурса кіраўніком раёну быць не можа.

Ірына Пузач: “Раней супрацоўнікаў нашага адміністрацыйнага органа – райвыканкама – у выбарчыя камісіі вылучалі. Зараз у нас нават гэтага вылучэння не было. Таму наўрад ці. Стараемся, каб усё было без гэтага “адміністрацыйнага рэсурса”.

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хельсінскі камітэт” Алег Гулак кажа, што законы чыноўнікі выканкамаў стварэннем такіх штабоў не парушаюць.

Алег Гулак: “Само па сабе стварэнне такіх штабоў фармальна не з’яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства. Важна, як яны будуць дзейнічаць далей і наколькі будуць самастойныя камісіі. Калі камісіі сфармаваныя з вялікім удзелам прадстаўнікоў выканаўчай улады і дзяржаўных органаў, то гэта дае падставы сумнявацца ў іх самастойнасці”.

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік прызнаўся Еўрарадыё, што на папярэдніх выбарах было шмат розных штабоў. Але паабяцаў, што сёлета такога не будзе.

Мікалай Лазавік: “Паралельна з такімі групамі яшчэ насамрэч ствараліся штабы па кантролі за ходам выбарчай кампаніі. Пры Адміністрацыі прэзідэнта, пры Саўміне… Карацей, кожны па сваім кірунку адсочваў выбарчы працэс. Сёння такіх штабоў няма, і адзіны штаб – Цэнтрвыбаркам. А выканкамы зараз проста выконваюць свае абавязкі, ускладзеныя на іх заканадаўствам. Для гэтага выдзяляюць канкрэтных асоб, якія выконваюць прадугледжаныя законам функцыі”.