Бягун: Малы памежны рух з Польшчай запрацуе з 1 ліпеня
Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі абвінаваціў беларускія ўлады ў стварэнні перашкод пры адкрыцці малога памежнага руху для грамадзян нашых краін.
Падчас наведвання памежнай з Беларуссю Кузніцы прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі абвінаваціў беларускія ўлады ў стварэнні перашкод пры адкрыцці малога памежнага руху для грамадзян нашых краін. Маўляў, польскі бок пагадненне ратыфікаваў, беларуская Палата прадстаўнікоў яго таксама падтрымала, але далей справа не рухаецца. Хаця адпачатку ішлі размовы, што пагадненне набудзе моц з 1 ліпеня 2011 года.
Але, як паведаміў Еўрарадыё начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун, з беларускага боку ніякіх перашкодаў пагадненню аб малым памежным руху не ствараецца.
Аляксей Бягун: "Па працэдуры МЗС абедзвюх краін неабходна абмяняцца ратыфікацыйнымі граматамі. І праз месяц пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі пагадненне набывае моц. Справа ў тым, што польскі бок рыхтаваўся да пагаднення цягам 2 гадоў, а мы некаторыя тэхнічныя моманты яшчэ не падрыхтавалі. Таму зараз яшчэ павінны прайсці кансультацыі паміж двума бакамі, каб абмеркаваць практычныя аспекты аднолькавага прымянення пагаднення і ў Рэспубліцы Польшча, і ў Рэспубліцы Беларусь".
Па яго словах, у сакавіку прайдзе нарада па пытанні адкрыцця малога памежнага руху з літоўскім бокам, потым – з латвійскім. І толькі пасля гэтага чарга дойдзе да Польшчы. Але, кажа Бягун, як і абяцалася, дзейнічаць гэта пагадненне пачне з 1 ліпеня.
Нагадаем, малы памежны рух ахопіць 30-кіламетровую зону ўглыб Польшчы і Беларусі. У яе трапляе 89 беларускіх гарадоў і вёсак, у тым ліку Гродна і Брэст, а таксама 93 польскіх населеных пунктаў. А гэта больш як 2 мільёны людзей з абодвух бакоў.