Budimir абвясціў галадоўку
Вядомы блогер у другі дзень палітычнай галадоўкі думае пра "перафармуляванне патрабаванняў" і тое, як зрабіць акцыю больш публічнай.
Галадоўку абвесціў вядомы блогер Будзімір. Ён запатрабаваў вызвалення палітычных зняволеных.
"Не магу па-ранейшаму пасіўна назіраць за здзяйсняемым у маёй краіне палітычным бязмежжам, абмяжоўваючыся пстрыканнем дзюбай у жэжэ", тлумачыць сваё рашэнне budimir на сваім блозе.
Паводле слоў Будзіміра, ён спадзяецца, што яго акцыя стане дадатковым фактарам "ціску на рэжым, на грамадства і на апазіцыю". Блогер кажа, што на абвяшчэнне галадоўкі яго падштурхнуў адзін з нядаўніх прысудаў па справе аб "масавых беспарадках":
"Апошняй кропляй стала, відаць, асуджэнне Мікіты Ліхавіда. Шмат было прысудаў, але гэты напэўна самы адыёзны... Узнікла патрэбнасць нейкага радыкальнага кроку".
Будзімір прызнае, што галадоўка можа стаць для яго цяжкім выпрабаваннем, бо досведу ўдзелу ў такіх акцыях ён не мае. У другі дзень галадоўкі ён думае пра "перафармуляванне патрабаванняў", каб яны былі "больш выканальныя". Таксама паўстала пытанне пра "неабходнасць зрабіць галадоўку больш публічнай".
Фота — svaboda.org