Беларусы замежжа хочуць абараніць ад санкцыяў этнічную радзіму
На канферэнцыі беларусаў замежжа, якая пройдзе ў Рызе 12 сакавіка, плануецца прыняць заяву з заклікам не ўводзіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі.
У выпадку прыняцця заявы, яна будзе разасланая кіраўнікам еўрапейскіх дзяржаў.Пра гэта DELFI паведаміў прэзідэнт Аб'яднання грамадскіх арганізацыяў беларусаў Літвы Раман Вайніцкі.
"Мы хацелі б прыцягнуць увагу да кампаніі ціску на нашу этнічную радзіму, якая разгарнулася ў шэрагу еўрапейскіх краінаў і ЗША", — заявіў Вайніцкі.
Паводле яго словаў, "у заявах асобных высокапастаўленых асобаў ЕС выкарыстоўваецца рыторыка часоў Халоднай вайны і "жалезнай заслоны”. "Спроба знешняга ціску і гвалту выклікае традыцыйнае для беларусаў пачуццё супраціву і пратэсту", — цытуе ён тэкст заявы.
Вайніцкі упэўнены, што беларусы не сталі б цярпець над сабой "ні дыктатара, ні прыгнёту".
У рыжскай канферэнцыі, акрамя беларусаў Літвы, прымуць удзел дэлегаты з Эстоніі, Латвіі, Польшчы і Расіі.