"Беларускі шпіён у Літве" працаваў электрыкам

Сфера дзейнасці падазраванага ў шпіянажы для Беларусі жыхара Вільні цалкам была не звязаная з сакрэтнасцю. З такой заявай выступіў прадстаўнік дзяржаўнага прадпрыемства Oro navigacija Эдмундас Ганусаўскас, дзе працаваў затрыманы літовец.

Па словах Ганусаўскаса, якія перадае ru.delfi.lt, мужчына быў тэхнікам энэргетычнага аддзела, ён выконваў абавязкі электрыка. 

Нагадаем, што Літоўскае бюро крымінальнай паліцыі заявіла, што затрыманы "шпіён" у сваім кабінеце таемна фатаграфаваў дакументы і перадаваў іх у Галоўнае разведупраўленне Генштаба Узброеных сілаў Беларусі. У сваю чаргу, Ганусаўскас заяўляе, што ў падазронага нават не было кабінета.

Паведамлялася, што мужчына збіраў інфармацыю пра грамадзянскую і вайсковую авіяцыю. Па словах літоўскай паліцыі, асобнае расследаванне вядзецца на яшчэ аднаго грамадзяніна Літвы, але яно яшчэ не скончанае, таму інфармацыя не выдаецца.

У Вільні распавялі пра заданне, якое меў літовец ад беларускіх спецслужб

Фота — Shutterstock