Беларуская дуда будзе ўключаная ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

У сусветны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі ўжо ўключана шэсць элементаў
Беларускую дуду плануюць уключыць у спіс аб'ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, паведаміла дырэктарка Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Якабсон.
"Цяпер у дударскім грамадстве Беларусі вядзецца дыскусія аб прызнанні беларускай дуды нацыянальнай культурнай з’явай і ўключэнні музычнага інструмента ў спіс аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Мы думаем, што гэта атрымаецца зрабіць, як атрымалася з выцінанкай і саломапляценнем", — адзначыла Вольга Якабсон.
Паводле яе слоў, падрыхтаваны дакументы аб магчымым уключэнні ў спіс ЮНЕСКА неглюбскіх ручнікоў.
На дадзены момант Сусветная нематэрыяльная культурная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі прадстаўлена шасцю элементамі.
Гэта беларускі абрад "Калядныя цары", вясновы абрад "Юр’еўскі карагод", урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст), культура бортніцтва Беларусі і Польшчы, саломапляценне, выцінанка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.