Беларус, які атрымаў позву ў Чалябінску, не з'явіўся ў ваенкамат
Позва, якую атрымаў Аляксандр Арлукевіч / t.me/pchikov
Беларус, якому ўручылі мабілізацыйную позву на заводзе ў Чалябінску, не пайшоў у ваенкамат. Аляксандр Арлукевіч абскарджвае ў судзе рашэнне аб мабілізацыі. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале расказаў расійскі праваабаронца Павел Чыкаў.
Як распавядала Еўрарадыё, Арлукевіч — грамадзянін Беларусі. У Чалябінску ён працуе на цукровым заводзе, але ў Расіі не мае нават віду на жыхарства (расійскае заканадаўства дазваляе гэта беларусам). Яму на працоўным месцы брыгадзір уручыў позву ў ваенкамат. Пры гэтым у позве было пазначана, што Арлукевіч з'яўляецца грамадзянінам Беларусі і што яна датычыць мабілізацыі.
"Аляксандр не з'явіўся па позве 1 снежня. Ваенкамат паведаміў, што мае намер гвалтоўна адправіць яго ў войскі. Арлукевіч, са свайго боку, рыхтуецца абскардзіць пастанову аб мабілізацыі ў судзе", — піша Чыкаў.
Праваабаронца нагадвае, што мабілізацыя закранае толькі грамадзян Расіі. Замежнікі маюць права добраахвотна заключыць кантракт аб праходжанні ваеннай службы.
Для Арлукевіча нанялі адваката.