Аварый на дарогах стала менш, але людзей гіне больш

ДАІ рапартуе пра выкананне праграмы “Мінус 100”. А ў гэты час беларуская прэса стракаціць рэпартажамі пра аварыі на дарогах краіны — ад простых паведамленняў пра здарэнні да аналітычных матэрыялаў, у якіх спрабуюць выявіць прычыну аварый. Нават дзяржаўныя СМІ не цураюцца пісаць пра тое, што ў Беларусі гіне ў некалькі разоў больш людзей, чым у астатняй Еўропе.
Так “Советская Белоруссия” распавяла пра цыкл сустрэчаў яе супрацоўнікаў з прадстаўнікоў ДАІ, Міністэрства транспарту, дарожных арганізацый і грамадскасці. Мэта гэтых сустрэчаў – абмеркаваць прычыны, па якіх у Беларусі на дарогах гіне так шмат людзей.

Прычыны журналісты разам з чыноўнікамі абмеркавалі. І як вынік прыйшлі да высновы, што нічога тут не паробіш... Бо штрафы і турма не спыняюць кіроўцаў ад таго, каб сесці за стырно п’янымі:

“Летась затрымана 1600 такіх гора-кіроўцаў. А сёлета толькі за пяць месяцаў у адным толькі Менску затрымалі 2100 нецвярозых “гоншчыкаў”. З іх 183 чалавекі робяць падобны трук ужо не першы раз”.

“КП в Белоруссии” мяркуе, што ў шматлікіх здарэннях вінаватыя скутэры. Так на старонках гэтай газеты патлумачыў аварыі на дарогах прадстаўнік ДАІ:

“Ганяе моладзь часамі без шлемаў, на небяспечных хуткасцях, правілы дарожнага руху не захоўваюць. Сам назіраў неаднойчы, як маладыя на дарозе з першай на чацвёртую паласу танга танцуюць”.

Цяпер скутэры давядзецца рэгістраваць. ДАІшнікі абяцаюць, што рэгістрацыя скутэра зойме 2 гадзіны, будзе каштаваць 55 тыс. разам з аплатай нумароў. Дадаткова давядзецца заплаціць страхоўку – за рухавік да 150 см кубічных – па 5,3 еўра за кубік. Трэба таксама здаць на правы катэгорыі “А”, можна гэта зрабіць без навучання.

Але не толькі п’яныя на скутэрах бываюць прычынай здарэнняў. “Наша Ніва” паведаміла пра кіроўцу грузавіка, які на мінулым тыдні збіў на некіраваным пераходзе кабету з немаўлём:

“Вадзіцель, які ўчыніў ДТЗ, мае правы кіравання транспартнымі сродкамі ўсіх катэгорый і 30 гадовы стаж працы. Цяпер ён затрыманы, вядзецца разбор”.

Што калі не п’яны і не на скутэры? Але і тут у супрацоўнікаў ДАІ ёсць адказ – вінаватыя “геапатагенныя зоны”:

“Геамагнітны фактар можа ў нейкай ступені таксама ўплываць на сітуауыю на дарогах”, - паведаміў на прэсканферэнцыі ў Мінску начальнік навукова-метадычнага і прававога аддзелу кіравання ДАІ МУС Беларусі Анатоль Сушко, адказваючы на пытанне "Інтерфаксу".

Цікава, што Беларускае ДАІ нават замовіла навукоўцам даследаванне пра прычыны небяспечнасці беларускага руху. Выявілася, што загвоздка ў тым, што праца беларускіх ДАІшнікаў ідзе па ланцужку: аварыя – следства – пошукі вінаватага - пакаранне. На Захадзе ж працуе іншая схема: вывучэнне ланцуга падзеяў, што прывялі да бяды.

Міжтым, паводле беларускіх даследаванняў, вынікае, што ў палове ДТП “вінаватая” дарога: яе размяшчэнне, канструкцыя, разметка, асвятленне, знакі. Пра гэта нам расказала газета “Рэспубліка”.

А вось чытачка “Нашай Нівы” Valzhyna прычыну бачыць больш простай:

“Культура паводзінаў на дарогах пакідае жадаць лепшага, прычым гэта тычыцца ЎСІХ удзельнікаў дарожнага руху! Нас меншае штомесяц, але паважаць адзін аднаго вучымся марудна”.