Асуджаны за Плошчу: Як я сустрэў 2011 год, запомню на ўсё жыццё!

Еўрарадыё даведалася, як святкавалі Новы год асуджаныя за ўдзел у дэманстрацыі 19 снежня.
Святочнае меню

"Увечары нам далі белы хлеб і гарбату з цукрам, што было для нас святам, — распавёў Сяргей, чые 15 сутак прайшлі ў жодзінскім СІЗА— Мы пакінулі гэтую гарбату на вечар, не пілі, яна застыла. А, можа, а 9-й селі і пагутарылі: у каго што адбылося, што здарылася за гэты год. А 10-й ужо адбой. Канваір, які хадзіў па калідоры, не дазваляў сядзець за сталом — усе мусілі легчы".

У Жодзіне ўмовы "святкавання" Новага года былі самыя жорсткія, кажуць асуджаныя. 

"Зразумела, разлік быў на тое, каб нас маральна падарваць,
 — мяркуе Яўген, які прыехаў у горад БелАЗаў з Гродна. — Але мы трымаемся і не даем сябе зраўняць з глебай".

А вось у ізалятары на вуліцы Скарыны ў Мінску былі нават традыцыйныя для Новага года мандарыны.

"Гэта было не свята... У нас быў кіпень, гарбата, агуркі і чорны хлеб. Ну і, натуральна, мандарыны нам перадалі. Таму былі таксама мандарыны",
 — прыгадваеАлена, якая адбывала там свой тэрмін пакарання разам з большасцю затрыманых 19 снежня дзяўчат.

Вось і ўсё святочнае меню: замест торта — хлеб, замест шампанскага — гарбата (і там-сям — кола, калі яе дазвалялі перадаваць). І гуркі наўзамен традыцыйнага навагодняга аліўе.

Ёлачка

У жодзінскай камеры, дзе знаходзіўся Яўген, навагоднюю ёлачку намалявалі на аркушы паперы. Павел, які "адпачываў" у ізалятары на Акрэсціна, распавёў пра больш вынаходлівых маладых людзей:

"Калі нас везлі на волю пасля 15 сутак, адзін хлопец з іншай камеры ў аўтазаку паказваў нам ёлачку, зробленую з пластыкавай бутэлькі. Мы да такога не дадумаліся, затое аднаму хлопцу з нашай камеры перадалі капялюш Дзеда Мароза. Так што і ў нас стварылася пэўная атмасфера: ёлачкі не было, але Дзед Мароз быў!"


Аднак свята атрымалася не ва ўсіх. Больш за тое: у вязняў не было магчымасці нават даведацца, калі ж ён надышоў, гэты Новы год! Нехта даведаўся гэта дзякуючы тэлевізару, які працаваў у пакоі ахоўнікаў. Нехта — па гуках петард і салюту за вокнамі.

"Нам адкрылі "кармушку", і мы папрасілі, каб нам хаця б паведамілі, што ўжо 12-я
, — дадае Алена— І сапраўды, прыйшоў адзін з супрацоўнікаў і сказаў: дзяўчынкі, крычыце! Ужо 12-я!"

Падарункі

Навагоднія паштоўкі затрыманым 19 снежня не даходзілі. Лявон Вольскі нават "пераадправіў" адно са сваіх віншаванняў праз Facebook.

Тая самая паштоўка

 Але пэўныя падарункі вязні ўсё ж атрымалі.

"У нас было радыё, а разам з ім было і адчуванне Новага года. Мы слухалі ўвесь час віншаванні, і часта траплялася нешта накшталт "Віншуем хлопцаў, якія зараз знаходзяцца на вакацыях у Жодзіна" ці "Перадаем віншаванне такому-то, які з'ехаў у камандзіроўку ў Жодзіна". Было добра зразумела, што мелася на ўвазе!" — распавядае Сяргей.

Але лепшы падарунак, як мы памятаем яшчэ з савецкіх часоў, — гэта кніга! ПрацягваеСяргей:

"Пасля 10-й увечары амаль усе мае суседзі паснулі. А я пачаў чытаць. І вось, 2010 год у мяне скончыўся ў той момант, калі я закрыў кнігу... Гэта быў "Кар'ер" Васіля Быкава. Што перадавалі, то і чытаў!" 

Выснова

"Гэта было не свята!" — упэўненая Алена.

"Аказалася, што Новы год — гэта такое свята, у якім галоўнае — не мандарыны і шампанскае, а людзі, якія побач з табой. І людзі гэтыя былі вясёлыя! Быў нават адзін спявак, які ведаў песні на розных мовах, і мы слухалі пераднавагодні канцэрт, пакуль нам не пагрукалі і не сказалі паводзіць сябе цішэй... Карацей, тое-сёе са святкаванняў мінулых Новых гадоў я ўжо не памятаю. А тое, як я сустрэў 2011 год, запомню на ўсё жыццё!" — рэзюмуе Павел.

Ёсць такая прыкмета: як Новы год сустрэнеш — так ён і пройдзе. На Акрэсціна, на Скарыны і ў Жодзіне гэтае свята сустрэлі вельмі па-рознаму. У адных камерах нікуды не змаглі падзецца ад смутку і суму па волі. У іншых ладзілі свята з таго, што было. Усім, хто апынуўся за кратамі ў пераднавагоднія дні, Еўрарадыё жадае не звяртаць увагі на прыкметы. Шчаслівага 2011 года і добрых Калядаў!