Анжаліка Борыс і Ігар Банцар невыязныя з Беларусі, на чатыры дні

На чатыры дні невыязнымі сталі Анжаліка Борыс і Ігар Банцар, актывісты непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў на Беларусі. Яны былі не толькі пакараныя штрафам за парушэнне правілаў знаходжання ў памежнай зоне, але і патрапілі ў спісы невыязных. Вось што распавяла Еўрарадыё Анжаліка Борыс:

"Нам далі з рэдактарам Ігарам Банцарам штраф - 15 базавых, эквівалент 250 долараў на кожнага. І ў сувязі з тым сказалі нам, што мы занесеныя ў камп'ютар. Пакуль мы не аплацім гэтага штрафу, мы не можам выехаць з Беларусі. Яго мы аплацілі ў пятніцу. І нас праінфармавалі, што трэба чакаць чатыры дні, пакуль нас з гэтай базы прыбяруць".

Нагадаем, Борыс і Банцар былі нядаўна затрыманыя ў Воранаўскім раёне, куды яны прывезлі групу гасцей з Польшчы. На актывістаў тады былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.