Ад беларусаў у Польшчы больш не прымаюць дакументы, выдадзеныя ў БССР — СМІ

Варшава, ілюстрацыйнае фота / Unsplash
Апошнім часам у беларусаў у польскіх мясцовых органах перасталі прымаць некаторыя беларускія дакументы без апастылю. Пра гэта пішуць у беларускіх чатах, заўважыла "Наша Ніва".
У прыватнасці, не прымалі беларускія пасведчанні аб нараджэнні ці аб заключэнні шлюбу без апастылю. Раней такіх патрабаванняў не было.
Пры адмове прымаць дакументы чыноўнікі спасылаюцца на дакумент, выдадзены польскім МУС 28 ліпеня 2025 года. Ён адрасаваны дырэктарам аддзелаў грамадзянскіх спраў і аналагічных упраўленняў ваяводстваў.
У дакуменце гаворыцца, што згодна з інфармацыяй, атрыманай ад консула Польшчы ў Мінску, у Беларусі дагэтуль без абмежаванняў застаюцца ў абарачэнні акты грамадзянскага стану, выдадзеныя органамі былой БССР або СССР, калі яны змяшчаюць чытэльныя звесткі. Калі дакументы, выдадзеныя органамі былога СССР або БССР, неабходна выкарыстаць за межамі Беларусі, зацікаўленая асоба павінна:
— атрымаць паўторны экзэмпляр такога акта грамадзянскага стану ва ўстанове, якая захоўвае адпаведныя кнігі (паўторны экзэмпляр выдаецца на новым бланку);
— засведчыць гэты паўторны дакумент штампам апастыль у Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
Пры гэтым працэдура магчымая толькі тады, калі адпаведная ўстанова або архіў мае кнігі актаў грамадзянскага стану з перыяду БССР або СССР. Калі кнігі або архівы былі знішчаныя ці больш не знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, павінна быць выдадзена адпаведная даведка, гаворыцца ў лісце.
"Наша Ніва" падкрэслівае, што з дакумента не да канца зразумела, ці патрэбны апастыль на ўсе беларускія дакументы ці толькі на дублікаты, якія замяняюць тыя, што былі выдадзеныя ў БССР ці СССР.
Некаторыя беларусы пішуць у чаце, што польскія чыноўнікі па тэлефоне ім адказалі, што патрэбны апастыль на ўсе дакументы, выдадзеныя ў Беларусі. "Тэлефанаваў ва ўжонд у Рашыне паўтары гадзіны таму, там сказалі, што атрымалі інфармацыю ад міністра: з 30 ліпеня 2025 года беларускія дакументы будуць прымаць толькі з апастылем Міністэрства замежных спраў Беларусі".
Дарэчы, у першыя гады незалежнасці ў Беларусі працягвалі выдаваць пасведчанні аб нараджэнні і заключэнні шлюбу на бланках БССР. Таму людзі, народжаныя ў 1991-1994 гадах, хутчэй за ўсё, таксама мусяць мяняць дакумент на дублікат.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.