"Абвер": У данецкім аэрапорце заблакаваная група "службы бяспекі ДНР"

26 траўня з дапамогай авіяцыі, якая наносіла кропкавыя ўдары па баевіках, яны ўзялі пад кантроль аэрапорт. Паведамлялася пра дзясяткі забітых тэрарыстаў. Украінскі бок абяцаў падлічыць іх колькасць у будынку аэрапорта, але дагэтуль гэтага не зрабіў. Прычына, магчыма, у тым, што не ўсе баевікі былі ліквідаваныя.



Як заявіў адзін з камандзіраў данецкага "апалчэння" Сяргей Здрылюк, больш вядомы па мянушцы "Абвер", у баях загінула каля 100 яго байцоў, яны ўваходзілі ў батальён "Усход". Ён прызнаў, што сярод іх ёсць і замежнікі — чачэнцы, армяне, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Усіх іх "Абвер" называе патрыётамі.



Паводле яго слоў, у аўторак у раёне аэрапорта ішлі невялікія баі. Дагэтуль у будынку ўкраінскімі сілавікамі заблакаваная група "службы бяспекі Данецкай народнай рэспублікі". Вырвацца адтуль яна не змагла і, відаць, дагэтуль утрымлівае свае пазіцыі. "Абвер" таксама паведаміў, што рабіў спробы перамоваў з кіраўнікамі антытэрарыстычнай аперацыі. Ён хацеў дамовіцца пра спыненне агню, каб вывезці забітых і параненых. Але ўкраінскія сілавікі "прапанавалі ўсім выйсці на ўзлётную паласу аэрапорта з узнятымі рукамі". На гэта баевікі не пагадзіліся, паведамляе "Укрінфарм".



Нагадаем, украінскі бок выставіў баевікам у Данецку ўльтыматум: скласці зброю, альбо яны будуць знішчаныя. Аперацыю мусяць правесці ўкраінскія спецпадраздзяленні.  

Фота — Reuters