Злодзей абрабаваў п'янага ветэрана, які спаў на вуліцы
Здарэнне адбылося ў Брэсце яшчэ 15 траўня.
Як паведамляе прэс-служба абласной міліцыі, 84-гадовы пенсіянер звярнуўся да праваахоўнікаў у той жа дзень. Са словаў пацярпелага, калі ён спаў на праспекце Машэрава, невядомы зняў з яго пінжака 2 нагрудныя знакі. Кошт скрадзенага быў ацэнены ў 1 мільён 350 тысяч рублёў. Была распачата крымінальная справа.
31 траўня міліцыя вылічыла злодзея. Ім аказаўся 50-гадовы беспрацоўны брэстаўчанін, які быў ужо раней судзімы за крадзеж. Затрымліваць мужчыну не прыйшлося, бо ён знаходзіўся ў ІЧУ за здзяйсненне іншага правапарушэння. Зараз затрыманаму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Скрадзеныя ўзнагароды пенсіянеру вярнулі.