Заклікаў да байкоту выбараў ад кандыдатаў ЦВК не зарэгістраваў
Улёткі з заклікамі да байкоту з’яўляліся, асобныя СМІ праводзілі “правакацыйныя апытанні”, але кандыдаты з-за забароны байкоту не пацярпелі.
Сёлета мясцовыя выбары у Беларусі ўпершыню праходзяць паводле змененага выбарчага заканадаўства, якое забараняе заклікі да байкоту выбараў. Па словах сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў у такіх парушэннях заўважаныя не былі.
Лазавік: “Наўпроставай агітацыі за байкот выбараў як такой не было. Праўда, я бачыў у інтэрнэце, што нехта недзе вывесіў плакат з заклікаў не хадзіць на выбары, байкот выбараў. Але нейкіх санкцый у адносінах да кандыдата за гэтыя дзеянні не было, бо і не ўстаноўлена, што гэта кандыдат такую агітацыю праводзіў за байкот выбараў”.
Адзінае, што заўважылі ў Цэнтрвыбаркаме: асобныя інтэрнэт-СМІ праводзілі “апытанні, якія ставілі пад сумнеў неабходнасць удзелу ў галасаванні — дэпутаты ж амаль нічога не вырашаюць, а ўсе рашэнні прымае выканаўчая ўлада”. Але гэта пад дзеянне выбарчага заканадаўства не трапляе, адзначыў Лазавік.
Здымак з архіву. Фота — bymedia.net