Заіка: Калі да санкцый ЗША далучыцца ЕС і Расія — гэта будзе жахліва
ЗША пагражаюць аднавіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі, калі затрыманыя 19 снежня не будуць адпушчаныя на волю. Пра гэта ў Вільні заявіла першы намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Нэнсі МакЭлдані, перадае “Інтэрфакс”. Амерыка змякчыла санкцыі два гады таму, калі з турмы выйшаў былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін і шэраг іншых палітычных дзеячаў.
На думку эканаміста Леаніда Заікі, гэтым разам ЗША могуць пайсці далей і не абмяжоўвацца “нафтавымі” санкцыямі 2007 года.
Леанід Заіка: “Можа быць дадзена ўказанне прыпыніць выдачу крэдытаў — Амерыка не будзе галасаваць за выдачу крэдытаў у міжнародных арганізацыях. Гэта можа стаць адным з самых істотных момантаў. Зробяць такі “стопінг” па фінансавых момантах у дзейнасці сусветнай эканомікі. У прыватнасці, Сусветнага банка, Міжнароднага фонду. Можна не разлічваць, што Амерыка будзе галасаваць на карысць тых ці іншых крэдытаў. ЗША валодае там значным уплывам у Савеце дырэктараў, і ніхто не будзе ўступаць у супярэчнасць з пунктам гледжання амерыканцаў”.
Беларускі ўрад загадзя аб’явіў, што не мае патрэбы ў міжнародных крэдытах. Таму, лічыць эксперт, амерыканскія санкцыі носяць больш дэманстратыўны характар і не маюць канкрэтнага эканамічнага альбо палітычнага эфекту. Іншая рэч, калі да “нафтавых” санкцый далучыцца Расія і Еўрасаюз.
Леанід Заіка: “Больш магутныя санкцыі могуць прымяніць ЕС і Расія: Расія ў адносінах да пастаўкі энергарэсурсаў, а ЕС — у адносінах да набыцця нафтапрадуктаў. Гэта будзе жахліва, калі яны гэта ўсё зробяць. Будуць вельмі складаныя і цяжкія наступствы”.
На думку Аляксандра Казуліна, не звяртаць увагу на санкцыі з боку ЗША беларускія ўлады проста не змогуць. Асабліва калі Амерыку сапраўды падтрымае Еўрасаюз.
Аляксандр Казулін: “Не звярнуць увагу на тое, што будзе прымацца сур’ёзнай краінай у дачыненні да Беларусі, яны (беларускія ўлады — Еўрарадыё) проста не могуць. А калі да патрабаванняў і такога ціску, у тым ліку эканамічнага, далучыцца Еўрасаюз, то гэта ўжо не будзе пытаннем, ад якога можна проста адмахнуцца”.
Між тым, верагоднасць таго, што ЕС далучыцца да “нафтавых” і банкаўскіх санкцый ЗША, калі яны будуць уведзеныя, досыць вялікая, мяркуюць эксперты. Паводле словаў Нэнсі МакЭлдані, у адносінах да афіцыйнага Мінска Брусель і Вашынгтон імкнуцца праводзіць узгодненую палітыку.
Нагадаем, ЗША ўжо прымянялі да Беларусі эканамічныя санкцыі. 13 лістапада 2007 года амерыканскі Мінфін замарозіў усе банкаўскія рахункі, якія знаходзіліся пад юрысдыкцыяй ЗША і належылі “Белнафтахіму” і яго прадстаўніцтвам у Германіі, Латвіі, Украіне, Расіі і Кітаі, а таксама кампаніі “Белнафтахім USA”. Амерыканскім бізнэсменам было прадпісана ўстрымацца ад кантактаў з беларускім канцэрнам. Праз паўгода санкцыі пашырылі на лідскую “Лакафарбу”, полацкае “Шкловалакно” і “Беларускі нафтавы гандлёвы дом”. Усе іх амерыканскія рахункі таксама былі заблакаваныя. Пасля выхаду на волю шэрагу палітвязняў некаторыя санкцыі былі знятыя.
На думку Леаніда Заікі, тады дзеянні ЗША не нанеслі вялікай шкоды беларускай эканоміцы.
Леанід Заіка: “У нас з Амерыкай невялікае абарачэнне — мы прадавалі мільёнаў на 300 долараў. Але амерыканцы вытрымалі свае намеры. Праўда, гэта не аказала нейкага істотнага ўздзеяння, бо паралельна з гэтым вырасла набыццё Эстоніяй нашых нафтапрадуктаў. Але яны самі (ЗША — Еўрарадыё) выдатна разумелі, што так будзе, бо гэта не той выпадак, калі б мы прадавалі на мільярды долараў прадукцыі”.
Але калі эканамічны эфект ад амерыканскіх санкцый і быў незаўважны для беларускай эканомікі, то іх вынік добра адчуў на сабе Аляксандр Казулін, які на той момант знаходзіўся ў турме.
Аляксандр Казулін: “Магу вам сказаць, што калі б гэтых санкцый не было, то наўрад ці я б выйшаў з турмы на волю праз 2,5 гады, а не праз 5,5”.