Ветэран вайны 27 гадоў даказваў, што ваяваў на фронце

Як паведамляе газета “Ганцавіцкі час”, у савецкае войска ён патрапіў у чэрвені 1944 года. Малады хлапец, каб пайсці на фронт, прыпісаў сабе ўзрост. Казак ваяваў у Польшчы, Аўстрыі і Нямеччыне, скончыў службу ў Мінску. Пазней высветлілася, што Іван Казак знаходзіўся ў спісах загінулых на вайне, і работнікі мясцовага сельсавету выкрэслілі яго са спісаў мёртвых ды занеслі ў спіс "працаўнікоў тылу".



У 1986 годзе, праз 42 гады працы ў калгасе, франтавіку прыйшоў час выходзіць на пенсію і тут аказалася, што яму налічылі простую працоўную пенсію.  Менавіта з таго часу ветэран і ягоныя сваякі спрабавалі выправіць памылку, аднак ні вайсковыя ўзнагароды, ні дакументы так і не дапамаглі аднавіць справядлівасць.



У 2000 годзе дачка Івана Казака накіравала ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, адтуль прыйшло ўказанне мясцовым уладам “разабрацца на месцы”. Разбіральніцтвы ішлі надта доўга, і вось толькі 15 ліпеня 2013 года франтавіку выдалі пасведчанне “Удзельніка Вялікай Айчыннай вайны” і налічылі 500 тысяч рублёў дадатковай пенсіі.



Родныя ветэрана лічаць, што іхняга бацьку дзяржава ашукала і за мінулыя гады не даплаціла як мінімум 162 млн рублёў пенсіі. Таму цяпер збіраюць адпаведныя дакументы, каб падрыхтаваць позву ў суд.

Фота — ganc-chas.by