Урадам зацверджана стратэгія развіцця інфармацыйнага грамадства

Стратэгію развіцця інфармацыйнага грамадства ў Беларусі да 2015 года і план першачарговых захадаў па яе рэалізацыі на 2010 год зацвердзіў Савет Міністраў. Як паведамляе прэс-служба ўрада, пастанова "прынята ў мэтах выканання даручэння прэзідэнта аб распрацоўцы стратэгіі ўсёабдымнай інфарматызацыі, арыентаванай на аказанне шырокага спектра паслуг грамадзянам і бізнесу, а таксама пераход дзяржаўнага апарату на працу паводле прынцыпу інфармацыйнага ўзаемадзеяння".

Стратэгія вызначае мэту, задачы, умовы і прыярытэтныя кірункі развіцця інфармацыйнага грамадства ў Беларусі. Сярод асноўных задачаў яе рэалізацыі названы: фарміраванне дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, якая садзейнічае развіццю інфармацыйнага грамадства на інавацыйнай аснове; развіццё інфармацыйнай інфраструктуры; развіццё нацыянальнай інфармацыйнай індустрыі з прыцягненнем інвестыцый у вытворчасць; удасканальванне сістэмы адукацыі, якая забяспечвае фарміраванне якаснага чалавечага капіталу;

Прыярытэтнымі кірункамі развіцця інфармацыйнага грамадства ў стратэгіі вызначаны нацыянальная інфармацыйна-камунікацыйная інфраструктура, электронны ўрад, электронная ахова здароўя, электроннае навучанне, электронная занятасць і сацыяльная абарона насельніцтва, электронная эканоміка, сістэма масавых камунікацый і электронны кантэнт, паведамляе БелаПАН.