У Мінску адмянілі танкавы фестываль ад кампаніі "Леста" да Дня Перамогі

"Свет танкаў", ілюстрацыйнае фота

"Свет танкаў", ілюстрацыйнае фота / tanki.su

Кампанія "Леста", якой належыць гульня World of Tanks, планавала правесці ў Мінску танкавы фестываль да Дня Перамогі. Аднак свята пройдзе без удзелу стваральніка "Свету танкаў", заўважыла выданне devby.io.

Яшчэ ў сакавіку ў інтэрв'ю каналу АНТ кіраўнік кампаніі "Леста гульні" Малік Хатажаеў запрасіў усіх ахвочых на Нямігу 10 траўня. Ён анансаваў "мегападзею", прымеркаваную да 80-годдзя Перамогі. Хатажаеў падкрэсліў, што падрыхтоўка да фэсту ідзе ўжо год.

Пад канец красавіка сайт кампаніі апублікаваў буклет з пазначэннем зон актыўнасцяў каля Палаца спорту. У іх ліку былі сіламер, баскетбол, цір, хулахуп, паласа перашкод ды іншыя. Але цяпер публікацыя суправаджаецца апдэйтам: "Танкавы фестываль адмяняецца".

Між тым, у праграме Мінгарвыканкама па-ранейшаму ёсць сямейны фестываль на Нямізе 10 траўня. Праўда згадак пра "Свет танкаў" там няма. Гаворыцца, што будзе сямейнае свята "Наша перамога".

Паводле неафіцыйнай інфармацыі devby, усе мерапрыемствы з удзелам "Лесты" былі адмененыя "пасля навін з РФ".

Прыканцы красавіка Генпракуратура Расіі падала пазоў у Таганскі суд Масквы. Яна патрабуе прызнаць аб'яднанне заснавальніка Wargaming.net Віктара Кіслага і ўладальніка расійскай студыі "Леста гульні" Маліка Хатажаева экстрэмісцкім. Самі кампаніі Генпракуратура РФ патрабуе нацыяналізаваць.

Пракурорскія работнікі знайшлі "антырасійскія" настроі ў публікацыях Кіслага і Хатажаева. Сярод прыкладаў — артыкулы пра тое, што Wargaming нібыта дыстанцыявалася ад РФ, уключала ў гульні ўкраінскі кантэнт і праводзіла дабрачынныя зборы для Украіны.

Кампанія Wargaming ужо больш за два гады ахвяруе сродкі ў падтрымку грамадзян Украіны. Калі ў Расіі прыгразілі заблакаваць World Of Tanks, то расійская "дачка" кампаніі публічна дыстанцыявалася ад Wargaming і заявіла, што не парушае заканадаўства РФ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.