У Кіеве пройдуць начныя вайсковыя вучэнні па абароне сталіцы
У іх будзе ўдзельнічаць баявая тэхніка. Яе калоны праедуць па гарадскіх вуліцах.
УНІАН адзначае, што ў ноч на 1 траўня ў Кіеве пройдуць тактычна-спецыяльныя вучэнні. Разгортванне асабістага складу і тэхнікі будзе праходзіць у цэнтры сталіцы. Пазней стала вядома, што вучэнні будзе праводзіць Упраўленне дзяржаўнай аховы Украіны.
Расійскія СМІ называюць вучэнні "нечаканымі" ды чамусьці прыгадваюць учорашняе шэсце з паходнямі ды бойку на Майдане.
Можна меркаваць, што падчас вучэнняў будзе адпрацоўвацца абарона, у выпадку агрэсіі, урадавага квартала, стратэгічных аб'ектаў, мастоў у Кіеве. 30 красавіка выканаўца абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што існуе рэальная небяспека расійскай агрэсіі, таму ўкраінскае войска прыведзенае ў стан поўнай баявой гатоўнасці.
Фота — УНІАН