У Гомелі выйшаў фільм пра дзеяча нацыянальнага падполля Цімоха Вострыкава

У Гомелі выпушчаны відэадыск пра дзеяча нацыянальнага падполля Цімоха Вострыкава. У лістападзе мінулага года ён памёр ва ўзросце 84 гадоў. У 1952 годзе Вострыкаў з трыма паплечнікамі быў закінуты ў Беларусь з амерыканскага самалёта для стварэння сеткі нацыянальнага падполля.

Праз некалькі дзён групу раскрылі супрацоўнікі Міністэрства дзяржбяспекі. Вострыкаў быў асуджаны да 23-гадовай ссылкі ў лагеры Мардовіі. Відэадыск выпушчаны ў лютым па ініцыятыве сына Вострыкава Іллі.

Ён паведаміў, што стужку вырашана было стварыць у супрацьвагу дакументальным фільмам дзяржаўных беларускіх тэлеканалаў, знятых пры садзеянні гомельскага КДБ. Па словах Іллі Вострыкава, журналісты прыязджалі да бацькі ў той час, калі ён перанёс інсульт і практычна не мог размаўляць. Праз тэлеканалы выступалі супрацоўнікі спецслужбаў, якія па-свойму інтэрпрэтавалі гісторыю падпольшчыка.

У новы фільм увайшоў падрабязны аповед самога Цімоха Вострыкава пра сваю біяграфію, які быў запісаны ў 1995 годзе. Тады ён быў здаровы і ўсё добра памятаў. Гадзінная стужка ўключае каля 30 фотаздымкаў часоў маладосці Вострыкава, знаходжання ў ссылцы, апошніх месяцаў жыцця і яго пахавання.

Для тыражавання дыск перададзены мінскім актывістам дэмакратычных сіл.

БелаПАН