У Гомелі не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты Краўчанку і Цянюту

Як інфармуе БелаПАН, кандыдатамі ў дэпутаты парламента там зарэгістравалі пяць чалавек. Не прайшлі рэгістрацыю два дэмакратычныя прэтэндэнты — Галіна Краўчанка (на здымку) з руху "За Свабоду" і Андрэй Цянюта з гомельскай кааліцыі "Наша альтэрнатыва". Яны збіралі па тысячы подпісаў для рэгістрацыі. Афіцыйная прычына адмовы — неякасныя подпісы.

Вось што распавяла Еўрарадыё Галіна Краўчанка:



"Несапраўдныя подпісы, вялікая колькасць пашпартоў, якія, па іх словах [сяброў выбарчай камісіі], не існуюць у прыродзе. Таксама сябры ініцыятыўнай групы, нібыта, ставілі самі даты. Знайшліся такія выбарцы. якія нават напісалі акт. Прагучала нават такая фраза: падпісаў мужчына, а ў выніку аказаўся жанчынай".

Краўчанка лічыць, што насамрэч яна не прайшла рэгістрацыю з палітычных прычын і збіраецца падаваць скаргу.



Сярод зарэгістраваных кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — Уладзімір Няпомняшчых з Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Віктар Хоміч з Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", медык Алена Астапюк, настаўніца Вольга Судакова і намеснік дырэктара спартыўнай школы Мікалай Шкірэеў.



Фота — odsgomel.org