У Брэсце эвакуявалі пасажыраў цягніка, у Магілёве перакрывалі вуліцу

У Брэсце эвакуявалі пасажыраў цягніка, у Магілёве перакрывалі вуліцу

У Беларусі па-ранейшаму фіксуюцца шматлікія звароты грамадзян у міліцыю з-за пакінутых у грамадскіх месцах рэчаў. Раніцай 2 снежня ў Брэсце праводзілася эвакуацыя людзей з дызель-цягніка, які мусіў ехаць у Лунінец, у сувязі са знойдзенымі пакінутымі сумкамі. Як інфармуе БелаПАН, цягнік ў 8.58 выйшаў з вакзала Брэст-Цэнтральны, а праз сем хвілін у міліцыю патэлефанаваў адзін з пасажыраў. Паводле яго слоў, у першы вагон зайшоў малады чалавек, пакінуў дзве сумкі і выйшаў.

Цягнік тэрмінова спынілі, яшчэ да прыбыцця на станцыю Брэст-Усходні. З яго вывелі 120 чалавек. Сапёры, якія прыбылі на месца здарэння, знайшлі ў сумках толькі асабістыя рэчы. Затрымка ў руху цягніка склала 1 гадзіну 5 хвілін.

Сёння ж у Магілёве на прыпынку грамадскага транспарту на вуліцы Чалюскінцаў знайшлі пакінуты чамадан, пераматаны скотчам. Тэрмінова тэрыторыю ачапілі міліцыянеры, рух транспарту быў перакрыты на паўгадзіны. Аднак сапёры нічога небяспечнага ў чамадане не знайшлі.

Здымак з архіву. Фота: tomin.by