У Беларусі выпусцілі ўзор біяметрычнага пашпарта

Ужо гатовы доследны ўзор першага беларускага біяметрычнага пашпарта, паведамляе тэлеканал АНТ. Узор новага беларускага пашпарта на дзейсны падобны толькі колерам вокладкі. Усярэдзіне — старонкі з арнаментам слуцкіх паясоў. Вокладка стала таўсцейшай. У яе ўмантаваны электронны мікрачып. Інфармацыя з яго счытваецца адмысловымі сканерамі.

Мікрачып можа захоўваць да 72 кілабайт інфармацыі. Гэта персанальныя звесткі ўладальніка, лічбавае фота і адбіткі пальцаў рукі. Ад ідэі сканаваць сятчатку вока адмовіліся.

Падрабіць новае беларускае пасведчанне асобы практычна немагчыма, упэўненыя распрацоўшчыкі. У пашпарта 23 сучасныя сістэмы абароны: надпісы памерам некалькі мікрон і нанатэкст, адмысловыя фарбы і сеткі. Пры гэтым новы пашпарт толькі крыху даражэйшы за стары. Калі ўзор будзе зацверджаны, выдаваць новыя дакументы пачнуць ужо праз два гады. Першымі яго атрымаюць тыя, хто часта бывае за мяжой.