Трэнер хакейнай зборнай Дэйв Льюіс застанецца ў Беларусі яшчэ на тры гады

Федэрацыя хакея Беларусі мае намер падпісаць кантракт з галоўным трэнерам зборнай Дэйвам Льюісам яшчэ на тры гады, гэта адбудзецца да канца алімпійскага цыкла. Пра гэта заявіў старшыня федэрацыі Ігар Рачкоўскі на прэс-канферэнцыі ў Мінску, 21 траўня.

Паводле кіраўніка ФХБ, з Льюісам падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве да 2018 года, але па яго просьбе было заключанае пагадненне да канца сезона, каб федэрацыя прыняла рашэнне пасля чэмпіянату свету. Каманда падтрымала трэнера і выявіла жаданне працаваць з ім надалей. Пры гэтым з канадскім спецыялістам правялі “грунтоўную размову”, і ў далейшым будуць адпрацоўвацца дэталі.

Цяпер Дэвід Льюіс паехаў у Канаду на адпачынак, бо апошнія два месяцы эмацыйна яго спустошылі.

На 79-м чэмпіянаце свету ў Чэхіі беларуская зборная заняла сёмае месца сярод 16 каманд, прайграўшы ў чвэрцьфінале канадцам (0:9).

Льюіс узначаліў каманду 12 снежня 2014 года. Ён замяніў Уладзіміра Крыкунова, які прапрацаваў на гэтай пасадзе ўсяго 50 дзён.

Фота: belarushockey.com