Сёлета "Дынама" зарабіла на квітках і сувенірах у 3 разы больш, чым летась
Пры гэтым істотна ўздымаць кошты квіткоў на хатнія матчы клуба ў КХЛ у наступным сезоне не плануецца.
Мінскае "Дынама" за сезон 2010/11 зарабіла на продажы сувенірнай атрыбутыкі клуба і квіткоў на хакей у тры разы больш, чым летась. Старшыня цэнтральнага савета Беларускага фізкультурна-спартовага таварыства "Дынама" Юрый Бародзіч звязвае гэта з заўважным ростам інтарэса да хакея ў нашай краіне.
Юрый Бародзіч: "Сёлета клуб зарабіў на квітках і атрыбутыцы ў тры разы больш, чым летась. Вы самі бачылі поўныя трыбуны "Мінск-Арэны". А мы ведаем, што за тысячы кіламетраў людзі прыязджалі да нас глядзець хакей!"
Кіраўнік хакейнага клуба "Дынама" Мінск адзначыў, што істотнага падаражання квіткоў на матчы "Дынама" у наступным сезоне не плануецца:
Юрый Бародзіч: "Пытанне падвышэння коштаў на квіткі мы пакуль што не абмяркоўвалі... У прынцыпе, тут могуць быць зрухі. Але мы будзем лічыцца з магчымасцямі заўзятараў".